У Віцебскай вобласці па крымінальных артыкулах сёлета асудзілі 7 дэпутатаў
Суд / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
За першае паўгоддзе 2023 года ў Віцебскай вобласці па крымінальных артыкулах былі асуджаныя сямёра дэпутатаў, падлічылі праваабаронцы.
Найбольшай колькасцю вызначыўся Полацкі раён: тут па крымінальных справах асудзілі траіх дэпутатаў сельскіх саветаў. Андрэя Гараева абвінавацілі ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, Анастасію Табольжыну — у махлярстве ў буйным памеры, а Браніслава Піліпёнка — у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Цяпер ідзе суд над дэпутатам Віцебскага гарсавета Антонам Дубовікам. Следства лічыць, што ён на пасадзе гендырэктара Віцебскага домабудаўнічага камбіната атрымліваў хабар і здзяйсняў крадзяжы, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы.
18 красавіка суд Лёзненскага раёна прызнаў дэпутата Юрыя Заблоцкага вінаватым у паўторным атрыманні хабару, учыненым асобай, якая займае адказнае становішча. Яму прысудзілі 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ды аштрафавалі на 11 000 рублёў. Праўда, ён абіраўся ў Магілёўскай вобласці дэпутатам Бялыніцкага раённага савета дэпутатаў 27-га і 28-га скліканняў.
У траўні за перавышэнне ўлады быў асуджаны экс-намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама, дэпутат і намеснік старшыні Барздоўскага селсавета, а ў Шумілінскім раёне за службовыя падробкі асудзілі галоўнага заатэхніка сельскага прадпрыемства “Мішневічы” дэпутатку мясцовага сельсавета Марыю Барысаву.
Як адзначаюць праваабаронцы, рэальны тэрмін атрымаў толькі Заблоцкі. Усім астатнім прысудзілі ці "хатнюю хімію", ці пазбаўленне волі з адтэрміноўкай выканання пакарання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.