У Віцебску адчынілася выстава з "Быкаўскага пленэру" (фота)

У выстаўнай зале віцебскага Цэнтра сучаснага мастацтва адчынілася выстава, на якой прадстаўлены больш за 50 працаў удзельнікаў мастацкага пленэру. Ён адбыўся летам 2008 года у вёсцы Бычыха Вушацкага раёну, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў.  Сярод удзельнікаў пленэру былі як вядомыя мастакі, так і аўтары-пачаткоўцы. Гэта быў ужо трэці мастацкі пленэр на малой радзіме пісьменніка. Вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін лічыць, што Бычыха — гэта мясціны, дзе трэба развіваць своеасаблівы “экадухоўны турызм”.



Марачкін: Безумоўна, трэба там быць, на гэтых мясцінах — гэта наша беларуская Мекка. І я ўпэўнены, што сцежкі ніколі туды не зарастуць. Больш таго, мне так думаецца, што хаты, якія там пустыя, пры добрым начальстве нехта абавязкова выкупіць — дзеля таго, каб там быў такі экадухоўны турызм.

Каардынацыйную работу па арганізацыі пленэру традыцыйна ўзяў на сябе грамадскі цэнтр Язэпа Драздовіча. Дарэчы, па словах кіраўніцы цэнтра Ады Райчонак, у хуткім часе у Беларусі павінна выйсці кніга, прысвечаная Язэпу Драздовічу.



Райчонак: Мы вырашылі зрабіць кнігу, якая называецца “Прыйдзе час”. Язэп Драздовіч казаў напрыканцы свайго жыцця: мяне яшчэ пашукаюць! І вось мы прыйшлі да Драздовіча, таму і кніга называецца “Прыйдзе час”. Яна ўжо сабраная, змакетаваная, і толькі засталося аддрукаваць. Мы шукаем грошы, і спадзяюся, што гэтая кніжка выйдзе у гэтым годзе у свет.



У Віцебску выстава будзе экспанавацца два тыдні. Потым экспазіцыя адправіцца у іншыя гарады Беларусі.

Райчонак: Я спадзяюся, што выстава гэта не толькі будзе ў Віцебску, яе ўжо запрасілі у Полацк, Наваполацк. Я думаю, яна і ў Мінску будзе, і будзе па ўсёй Беларусі ездзіць.




Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі