У якія беларускія гульні будзе гуляць увесь свет?
Бітвы на драконах, марскія баі і цацачныя танкі. У беларускія гульні гуляюць ад 50 да 500 тысяч чалавек.
У апошні дзень канферэнцыі MobileOptimized размаўлялі пра гульні, а маладыя каманды паказвалі свае працы.
Цяпер у гульні больш за 13 тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў. Каля 2 тысяч гуляюць штодзень і каля 5 тысяч у месяц.
“Казачны свет знаходзіцца ў чароўнай шкатулцы. Тое, як герой выконвае заданні, уплывае на стан свету. Калі ўсе гульцы кажуць сваім героям дапамагаць аднаму, то ён пачынае развівацца і развіваецца горад, у якім ён жыве. Гэта двухпланавая гульня: з аднаго боку такі тамагочы, які не патрабуе шмат увагі, а з іншага, людзі гуляюць у палітыку, будуюць свае каралеўствы і інтрыгі”, – распавядае стваральнік гульні Аляксей Елецкі.
Аляксей сышоў з Wargaming і тры гады рабіў уласны праект - браўзерную гульню The Tale. Сама гульня бясплатная, але ёсць платныя падпіскі, калі ігрок можа ўплываць на свет гульні. Існуюць 44 гарады, якія могуць змяняць усё. Аляксей кажа, што не хоча рабіць з гульні выкачвалку грошай, а дзеля эканоміі на гэтыя тры гады пераехаў з Мінска ў Баранавічы. Цяпер ён адкрыў зыходнікі і набірае каманду энтузіястаў, каб развіваць гульню, якая цяпер застанецца толькі як хобі.
“Мне важна паказаць, што ў нашай краіне можна працаваць. Я аформлены як ІП і плачу падаткі”, - адказвае Аляксей на пытанне, чаму не зваліў працаваць за мяжу. І аказалася, такіх людзей у нас шмат. Мы вырашылі паглядзець у якія беларускія гульні ўжо гуляюць ці магчыма будуць гуляць людзі па ўсім свеце.
Амаль 2 сотні спампаванняў за 4 дні на googleplay
Гэта мабільная аркада заснаваная на фізіцы. Патрабуе добрай рэакцыі. Кацяня падае з нябёсаў, і вам трэба яго ўратаваць. Трэба маляваць пад ім аблокі, але складана зрабіць роўную лінію, таму кацяня пачынае кідаць па небасхіле, і яго трэба пастаянна лавіць. Ігра бясплатная, мы плануем зарабляць на рэкламе і продажы ўнутранага кантэнту, напрыклад, можна будзе мяняць выгляд ката.
Запусцілі 3 месяцы таму. 32 тысячы актыўных усталёвак, штодзень у ВК гуляе 1100 чалавек.
"Гульня "Марскія драпежнікі" – гэта браўзерная гульня ў Укантакце. Бітва марскіх караблёў. Ёсць тры нацыі, якія плаваюць на караблях – Вікінгі, якія страляюць стрэламі, і яны вельмі хуткія; пірацкія караблі лупяць з гарматаў; і ёсць нешта накшталт артылерыі – яны страляюць вялікімі камянямі і лупяць на вялікія адлегласці. Можна змяняць выгляд караблёў, колер ветразяў. Гэта рэальныя гульцы, якія б'юцца 7 на 7 чалавек. Мы не стваралі сістэму кланаў, але нашы карыстальнікі ствараюць групы, фарбуюць ветразі ў адзін колер і абвяшчаюць адно аднаму вайну. Гульня бясплатная, але мы плануем зарабляць на пакупцы абвесаў", – кажа адзін са стваральнікаў гульні Андрэй.
Гульню спампавалі 35 тысяч чалавек, 58% вяртаюцца на другі дзень, 22% праходзяць да канца.
“Відаць, што людзям гульня падабаецца, яны яе праходзяць да канца і трацяць на яе кучу часу. Гульня заснавана на фізіцы. Героя трэба даставіць да партала. Мы не можам кіраваць героям, а можам змяняць свет вакол яго, каб ён трапіў у партал. Мы можам выдаляць элементы, каб правесці героя з кропкі А ў кропку Б. Мы атрымалі вялікае задавальненне ад стварэння гульні. У нас інтэрнацыянальная каманда – мастачка з Кіева, я з Мінска і гукарэжысёр з Манчэсцера. Даход з гэтай гульні пакрывае толькі адзін заробак, Але мы ствараем другую гульню – "Марскія баі на караблях", з якой плануем вялікі даход, бо дэма-версія добра пайшла”, – распавядае Дзмітрый, адзін са стваральнікаў гульні з Мінска.
На googleplay спампавалі 50 тысяч разоў.
“Я пакуль не прасоўваў яе. Адзін раз на сайце толькі агляд пісаў. Карыстальнікі пішуць актыўна водгукі. Штодзень гуляе 50 чалавек, дадаецца 200 новых і 100 выдаляе гульню. Я працую ў аўтсортынгавай кампаніі, дзе займаюся распрацоўкай гульняў, але там невялікія задачы, а тут цалкам праект. Пакуль так эксперыментую”, – кажа распрацоўшчык гульні Дзяніс.
Фішка гульні ў тым, што вы гуляеце ў цацачныя танкі на тэлефоне, дзе можна гуляць адзін супраць аднаго па bluetooth.
Cube Day Z (3D-шутар на выжыванне)
За месяц пагулялі 240 тысяч чалавек
“Гульнявы свет пабіты на пакоі. Зараз гуляе 500 чалавек. Гульня бясплатная, але 1% набывае нейкія разавыя наборы – доктара ці ВІП-падпіску. Пакуль гэта не акупляецца, але цяпер гуляе 15 тысяч чалавек за дзень, калі будзе 100 тысяч, то будзе добры плюс. Вы бегаеце па свеце з рознымі людзьмі і можаце з імі размаўляць па галасавым чаце. Можна займацца фермерствам, будаўніцтвам, ёсць 2 сотні прадметаў, шмат рэцэптаў для крафта, розныя зомбі. Узнікаюць нечаканыя сітуацыі, калі вы бачыце новага чалавека з аўтаматам, што вы будзе рабіць – сябраваць з ім ці заб'яце яго на ўсялякі выпадак, а што будзе ён?”
Час драконаў (3D-шутар)
Амаль за год 300 тысяч установак толькі ў ВК
"Мы толькі нядаўна выйшлі на іншыя платформы. Але сумарна калі браць, то каля паўмільёна карыстальнікаў у нас ёсць. Гульня адбываецца ў рэальным часе, ты лётаеш на драконе і б'ешся з іншымі гульцамі. У асноўным у шутарах персанажы ваенныя, а ў нас весела. Ёсць рэжым караван, калі ідзе караван з грузам, ім кіруе камп'ютар, адна каманда абараняе караван, другая нападае. Гульня бясплатная з мікраплацяжамі унутры. Яна пакуль сябе не акупляе, бо гэта тэставая версія. Але мы не хочам жорсткай манетызацыі гульні, таму што самі яе любім. Наступны этап будзе распрацоўка наземных істотаў, які будуць удзельнічаць у баях", – кажуць стваральнікі шутара Міхаіл і Мікіта.
Гульня толькі з’явілася
“Я выкладчык, і мне трэба было зрабіць курс па Unity. І я вырашыў зрабіць гульню, на якой буду вучыць студэнтаў асновам геймдэйва. І неяк гэта зацягнулася, і я пачаў укладваць грошы і час, і атрымалася гульня, якая сёння зарэлізілася. Па сутнасці гэта арканоід, даўно вядомы ўсім. Можна будаваць сцены, можна мадыфікаваць шар, каб ён загарэўся. Ёсць крыкі, накрычаў на шкілет, ён разваліўся. У пачатку ўсё проста, а потым становіцца складаней, і трэба ўжо падумаць, дзе знаходзіцца зорка, каб яе знайсці, і якія інструменты выкарыстоўваць. Дастаткова патрабавальная да логікі гульня, не шахматы канешне, але і зусім не класічны арканоід”, – кажа аўтар гульні Кірыл.
Пакуль ёсць толькі дэма-версія
“Мы распрацоўваем ММОРПГ, прыйшлі з першай дэмкай, самай сырой. Ёсць свет, дзе кантыненты падзелены магічнымі марамі. Адзіны спосаб сувязі – тэлепартацыя, што вельмі дорага, альбо праходзіць праз лабірынты. Гульцам прапанавана ў цёмных лабірынтах, напоўненых пасткамі і монстрамі, біцца адзін з адным за артэфакты. Мы спадзяёмся, што баявая частка будзе падобная на Battlefield толькі з мячом і магіяй у цёмных лабірынтах. Павінна быць весела”, – кажа Зміцер, адзін з распрацоўшчыкаў гульні.
“Гэтыя шахматы мы пачалі распрацоўваць 10 гадоў таму. 5 гадоў таму з'явілася камп'ютарная гульня. Цяпер будзе камплект з кап'ютараных і рэальных шахмат. Яго прэзентацыя чакаецца ўвосень. Гэта шахматы 9 на 9. Тут з'ўляецца трон, і наша задача заняць трон. Гэта можна зрабіць бяскроўна, як неаднойчы было ў гісторыі Беларусі, і з дапамогай крывавых падзей. Князь можа ахвяраваць сабой,каб сын перамог. Назвы мы ўзялі гістарычныя – гетман, ратнік, гармата”, – распавядае аўтар гульні з арт-студыі PRAS Мікалай Тамашэвіч.
Дарэчы, у 2010 годзе гульня была апубликавана на сайце Еўрарадыё.
“Гэта як FruitNinja – трэба праводзіць па маніторы і разрэзваць садавіну на дзве часткі. Але сэнс тут у тым, што мы гатуем пірог. Наш повар зламаў руку, і трэба яму дапамагаць рабіць пірагі. У нас ёсць розныя заказчыкі і розны ўзровень складанасці тортаў. Іх трэба гатаваць на час, і садавіну трэба не проста рэзаць, а часам чысціць, разразаць і драбніць. На дадзены момант мы шукаем паблішараў, і гульня гатова на 80%”, – распавядае Вольга з Digital Gravitation.
I hate bears
“Быў зайка, і ён засмуціўся, што ўсе пачалі любіць мішак. Ведаеце, дзяўчынкі любяць плюшавых мішак Teddy Bear. Зайка пакрыўдзіўся і вырашыў стаць самым няшным на зямлі і забіць усіх мішак. У нашай гульні зайка бегае па зямлі і забівае мішак, а табе, як карыстальніку, які не хоча гэтага дапусціць, ты ж любіш мішак, так? Ты павінен іх ратаваць”, – распавядае адзін з распрацоўшчыкаў гульні Уладзімір.
Пакуль гульні няма ў доступе, але рыхтуецца рэліз на googleplay.
Расказаць пра свае гульні хлопцы з Еmptystage пагаджаюцца толькі пры ўмове, калі паспрабую пагуляць. Гульні тры:
Catcatcat
Гэта бясконцая аднапальцавая гульня дзе трэба дапамагаць кату, які скокнуў з даху птушкай, уварочвацца ад перашкодаў. Гульня разлічана на 15-20-гадовых. Хутка надакучвае, але дзяўчынкам спадабалася: Кот прыкольны!
Charming Chammies
Тут трэба расставіць хамелеонаў так, каб яны прыцягнулі садавіну да сябе і склалі яе разам, каб садавіна знікла з поля. З кожным узроўнем становіцца ўсё складаней і даводзіцца задзейнічаць цэлы “сіндыкат” з хамелеонаў.
Maybe Flat
“Гэта нешта падобнае на кубік рубіка. Гэта штука, гэта кубік – заўсёды кубік. Але калі мы яго паварочваем, мы зачыняем вымярэнні. Зараз мы бачым яго ў 0D, а цяпер у 2D. Калі ў нас ёсць плоскасць і мы яе павернем, то бачым толькі лінію – бакавую частку рабра. Калі ў нас ёсць лінія і мы яе павернем, то пабачым толькі кропку. Пры гэтым сам кубік таксама круціцца. Такім чынам, трэба па чарзе выкінуць на кубіку 1-6 у правільным парадку”, – распавядае каманда Еmptystage.
Усе гульні пакуль у дэма-версіі. Пагуляцца можна тут. Так што спрабуйце разабрацца!