У Жыровічах мужчына падпаліў сябе разам з домам (фота)
Учора ў Слонімскім раёне мужчына падпаліў сябе разам з домам. Здарэнне адбылося ў вёсцы Жыровічы на вуліцы Саборнай. Да месца здарэння былі накіраваныя чатыры пажарных разлікі, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі і супрацоўнікі РАУС.
Высветлілася, што там жыў 43-гадовы мужчына, які зарабляў на жыццё тым, што збіраў грыбы, ягады, прадаваў прадукты са свайго сада і агарода. Са слоў мясцовых жыхароў, ён быў вельмі замкнёным, не піў і не паліў. За два дні да трагедыі суседзі чулі, як ён забіваў знутры вокны і прысоўваў да іх мэблю.
Гаспадара без прыкмет жыцця выявілі на падлозе ў прахадным пакоі. У памяшканні назіраўся ўстойлівы пах бензіну, таксама знайшлі пустую каністру, паведамляе сайт МНС.
Прычына пажару высвятляецца. Разглядаюцца версіі: суіцыд і неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Фота: mchs.gov.by