Удава Якава Навуменкі: Прадалі машыну, паставілі на могілках помнік

Народнага артыста Беларусі Якава Навуменку смяротна збілі ў Севастопалі 19 жніўня мінулага года. Праз тыдзень артыст памёр у бальніцы. Тады ж следчыя органы Украіны аператыўна паведамілі пра завядзенне крымінальнай справы за “наўмыснае забойства”.

Збіццё здарылася на вачах у дзясяткаў людзей, але праз год пасля здарэння следчыя не маюць нават фотаробата меркаванага забойцы.

Ала Навуменка, удава артыста, распавядае Еўрарадыё пра тое, як за год прасунулася ўкраінскае следства.

“Яшчэ мінулай восенню ў Днепрапятроўску былі знойдзеныя сведкі. Іх апыталі. Яны былі ў натоўпе, але, на жаль, таго, хто стукнуў, бачылі толькі са спіны. Таму, як забойца выглядаў, яны апісаць не змаглі. Але пацвердзілі тое, пра што я даведалася раней”.

Еўрарадыё: З-за чаго Якава Паўлавіча пачалі збіваць?

Ала Навуменка: Яша стаяў, слухаў скрыпача. Потым пачаў абмяркоўваць з пажылым мужчынам, які быў у першым шэрагу, што музыка грае пад фанаграму, што сапраўдны артыст, калі бярэ грошы, павінен працаваць жыўцом. Гэта заўсёды была яго жыццёвая пазіцыя. Ззаду нехта пачаў шыпець, маўляў, гучна размаўляеце. Яша павярнуўся і запытаўся, у чым уласна праблемы. І атрымаў удар. Гэта была кампанія, яны былі п’яныя і агрэсіўныя. Другі з гэтай кампаніі стукнуў Ціхана, ён адразу страціў прытомнасць. Яша ж выстаяў і падняў рукі да твару. І тут здарыўся другі ўдар, вельмі моцны, відавочна, у руцэ было нешта металічнае. Вечар, нядзеля, поўдзень, музыка, усе адпачывалі. Які нармальны чалавек будзе гуляць з кастэтам у кішэні? Гэта былі адмарозкі. Той ўдар вынес Якава з натоўпу. У дадатак ён стукнуўся патыліцай аб плітку, у яго трэснуў нават чэрап. Патолагаанатам сказаў пасля ўскрыцця, што ён быў безнадзейны з самага пачатку: адна палова мозгу была проста сплюшчаная.

Еўрарадыё: І гэта ўсё, што стала вядома?

Ала Навуменка: Нядаўна ў мяне адбылася размова з Ганнай ― пляменніцай Якава. Яна з’яўляецца прадстаўніком сям’і падчас перамоваў са следчымі органамі. Ганна сказала, што ўвогуле не можа ні да каго дазваніцца. Тэлефоны маўчаць. Ці то яны заблакавалі яе нумар, ці то яшчэ нешта здарылася, сказаць цяжка. Апошняя размова са следствам была пару месяцаў таму. Было сказана, што “ўсё робіцца”. Калі следчыя хоць неяк адказвалі, то выказвалі меркаванне, што, хутчэй за ўсё, нападнікі былі прыезджыя, залётныя.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, такія сціплыя вынікі следства гэта недахоп прафесіяналізму, карупцыя ці проста такі складаны выпадак?

Ала Навуменка: Вы ведаеце, наколькі я разумею, гэта здарэнне ― адно на мільён. Чалавек апынуўся не ў тым месцы, не ў той час. Калі гэта прыезджыя, знайсці іх будзе вельмі складана. Ганне следчыя органы распавядалі, што выкарыстоўвалі ўсе магчымасці. Сёлета ўвесну на севастопальскім тэлебачанні па новай пайшоў радок, што за вялікую ўзнагароду сведак просяць адгукнуцца. Правяраўся інтэрнэт, думалі, што там нешта выскачыць. Яны атрымалі права даследаваць усе размовы мабільныя, усё правяралі. Але знайшлі толькі вось гэтых сведак з Днепрапятроўска. Калі ўдар вынес Яшу з натоўпу, усе імгненна разбегліся і мала што бачылі.

Еўрарадыё: Ці падключаліся нашы праваахоўныя органы да следства? Раней Следчы камітэт паведамляў нам, што, паводле закона, беларускі бок не мае права ўмешвацца ў следства. Але нават прэзідэнт распавядаў пра тое, што ставіў музыку Якава Навуменкі у аўтамабілі…

Ала Навуменка: Нашы, па маіх звестках, нібыта рабілі туды запыты, але, як я разумею, адказалі ім гэтак жа: “Следства працягваецца, справа не закрытая, робіцца ўсё магчымае”.

Еўрарадыё: Ці высоўваліся ідэі наконт усталявання памятнага знаку ў гонар Якава Паўлавіча?

Ала Навуменка: Помнік на Маскоўскіх могілках мы ўжо паставілі. Я намалявала эскіз. Машыну проста прадалі і паставілі. Таксама у кастрычніку ў Філармоніі рыхтуецца вечар памяці. Да мяне прыязджалі музыкі з аркестра імя Жыновіча, дзе Яша працаваў. У іх ёсць вельмі добрая ідэя, як зрабіць эфект яго прысутнасці на сцэне. У камп’ютары Яшы яны ўзялі трэкі з яго голасам. Цяпер, наколькі я разумею, аркестр займаецца пошукамі грошай для гэтага канцэрта.

Еўрарадыё: Спадзяемся, гэты праект атрымаецца удалым…

Ала Навуменка: Я ведаю, што ён у вышэйшым свеце. Цяпер вельмі мала душ туды патрапляе, а ён аказаўся там. У яго там настаўнікі, і займаецца ён тым жа, чым і тут. У мяне ёсць свае крыніцы інфармацыі, якія пра гэта казалі. А потым Ціхану (сыну Якава Навуменкі, ― заўв. Еўрарадыё) прысніўся сон, які пацвердзіў тое, што мне сказалі. “Такое ўражанне, што ў лесе праходзіць нейкі фестываль, шмат людзей, і раптам тату бачу, ― расказаў Ціхан. ― Ён падыходзіць. Пытаюся: “Тата, ты хоць зразумеў, што з табой здарылася?” — “Ды, гэта ўсё лухта. Затое, ведаеш, як я навучыўся на дудзе граць!” І пакуль я яго бачыў, ― казаў Ціхан. ― Ён з маладога пераўтварыўся ў таго, якім сыходзіў”.

Я рада за Яшыну душу, таму што ён гэтага заслужыў. Усё жыццё займаўся творчасцю, таму і патрапіў у вышэйшы свет. Гэта інфармацыя мяне сагравае, мне пакрысе лягчэе. На душы пасвятлела, магу спакойна пра гэта казаць, і ніякія спазмы горла не сціскаюць. Стаўлюся да ўсяго, з разуменнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі