Удзельніца Pussy Riot абвясціла галадоўку ў турме
Надзея Талаконнікава пратэстуе супраць жорсткіх умоваў утрымання і працы, створаных для вязняў у папраўчай калоніі №14.
Інфармацыю пра галадоўку Надзеі Талаконнікавай пацвердзіла на сваім сайце Федэральная служба выканання пакаранняў РФ. Паводле прэс-службы ФСВП, актывістка абвясціла пра адмову ад ежы 23 верасня прыкладна ў 11:45, пасля сняданку.
У ФСВП гэтую акцыю пратэсту звязалі з жаданнем асуджанай перайсці на больш выгодныя ўмовы ўтрымання і працы. Там падкрэсліваюць, што “ніякіх адмысловых патрабаванняў да Талаконнікавай не прад’яўляецца”.
Раней у сваім лісце ўдзельніца Pussy Riot распавяла, што асуджаныя ў ПК-14 вымушаныя працаваць па 16-17 гадзінаў, каб выканаць норму — 150 паліцэйскіх гарнітураў за змену. Раней, па яе словах, норма была 100 гарнітураў, але нядаўна яе нечакана павялічылі.
Нагадаем, Надзея Талаконнікава адбывае двухгадовы тэрмін зняволення за выкананне песні “Багародзіца, Пуціна прагані” у храме Хрыста Выратавальніка. Яшчэ адна ўдзельніца Pussy Riot — Марыя Алёхіна — утрымліваецца ў калоніі ў Ніжагародскай вобласці. Кацярына Самуцэвіч, трэцяя асуджаная па гэтай справе, атрымала ўмоўны тэрмін.
Фота: ИТАР-ТАСС.