Удзельніцам Pussy Riot дазволілі ўезд у Беларусь (відэа)

Удзельніцам Pussy Riot дазволілі ўезд у Беларусь (відэа)

Удзельніцам Pussy Riot Вользе Курачаевай і Вераніцы Нікульшынай дазволілі ўезд у Беларусь. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на кіраўніка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Аляксея Бегуна. Ён пацвердзіў, што Нікульшынай і Курачаевай не забаронены ўезд у нашу краіну і яны могуць прыехаць на Еўрапейскія гульні.

Самі дзяўчаты заявілі, што ім тэлефанавала кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава і ад імя Аляксандра Лукашэнкі прасіла прабачэння. У прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта журналістцы Радыё "Свабода" пацвердзілі факт такой размовы, але не сталі каментаваць яе змест.

Як распавядала Еўрарадыё, 17 чэрвеня Курачаева і Нікульшына ляцелі праз Беларусь у Кіеў і даведаліся, што ім забаронены ўезд у нашу краіну. Тым не менш у Кіеў дзяўчат прапусцілі. 

Пазней дзяўчаты выклалі ў інтэрнэт запіс размовы з жанчынай, якая назвалася кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, выказала шкадаванне з нагоды інцыдэнту і запрасіла прыязджаць у Беларусь.

Еўрарадыё звяртае ўвагу на тое, што жанчына называе сябе "глава администрации Белоруссии (!) Наталья Ивановна Качан (!)"

Нагадаем, што менавіта Наталля Качанава прасіла прабачэння ў магілёўскіх цыганоў пасля масавай міліцэйскай аблавы на іх. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі