Дзвюм удзельніцам Pussy Riot забаранілі ўезд у Беларусь
Штамп на забарону ў пашпарце адной з удзельніц Pussy Riot / Pussy Riot
Дзвюм удзельніцам Pussy Riot, Вользе Курачовай і Вераніцы Нікульшынай, забаранілі ўезд у Беларусь. Пра гэта ў сябе ў сацсетках распавялі дзяўчаты і апублікавалі фотаздымкі са штампамі ў пашпарце.
Дзяўчыны ляцелі ў Кіеў з перасадкай у Мінску. Падчас перасадкі удзельніцам Pussy Riot паведамілі, што ім забаронены ўезд у Беларусь да 22 траўня 2020 года. Аднак, нягледзячы на забарону, іх пусцілі на рэйс у Кіеў.
Вераніка Нікульшына і Вольга Курачова сталі вядомыя пасля акцыі Pussy Riot падчас фіналу ЧС-2018 у Расіі. Яны разам з Вольгай Пахтусавай і Пятром Вярзілавым у форме расійскай паліцыі выбеглі на поле падчас фінальнага матча чэмпіянату свету па футболе.
Падчас праходжання мяжы ў Беларусі дзяўчатам нічога не патлумачылі: "Памежная служба не назвала прычыну забароны і параіла тэлефанаваць у МУС і ўдакладняць", — пракаментавала Еўрарадыё Вераніка Нікульшына.