Удзельнікаў дваравога маршу ў Мінску арыштоўваюць на 10-15 сутак

Удзельнікаў дваравога маршу ў Мінску арыштоўваюць на 10-15 сутак

Удзельнікаў дваравога маршу 26 траўня ў Сухарава ў Мінску арыштоўваюць на 10-15 сутак. Як паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae, акцыя, у якой удзельнічала каля 30 чалавек, прайшла без затрыманняў, але за ўдзельнікамі пачалі прыходзіць дадому ўжо на наступны дзень. У некаторых пратэстоўцаў дома правялі агляды і канфіскавалі БЧБ-сімволіку і тэхніку. У Фрунзенскім РУУС на іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, а іх справы 28 траўня разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёна.

54-гадовая Наталля Дырыкава і 41-гадовая Святлана Аганава ў судзе пацвердзілі, што ўдзельнічалі ў акцыі, каб маральна падтрымаць палітвязняў. Суддзя Андрэй Млечка асудзіў іх на 10 сутак арышту кожную. 53-гадовая Святлана Геваідзян-Рогава заявіла, што ў шэсці не ўдзельнічала, але яе абвінавацілі ў "актыўным удзеле ў масавым мерапрыемстве, на якім яна выкрыквала лозунгі з БЧБ-сцягам". Суддзя Марыя Ярохіна арыштавала яе на 15 сутак.

47-гадовую Ірыну Малец таксама затрымалі дома 27 траўня, выбіўшы пры гэтым дзверы. Справу разглядаў суддзя Андрэй Млечка. У жанчыны дома застаўся 4-гадовы сын, таму яе павінны былі выпусціць яшчэ ў чацвер, не пазней за тры гадзіны пасля затрымання. Але насуперак закону Ірыну Малец пакінулі ў РУУС амаль на суткі. Віна жанчыны ў тым, што яна здымала шэсце з 12-га паверха сваёй кватэры. Але ў пратаколе адзначана, што яна нібыта прыняла ўдзел у акцыі. Штраф — 5800 рублёў (максімальнае пакаранне па арт. 24.23 КаАП для маці непаўнагадовага дзіцяці).

Сведка-міліцыянер распавёў, што назіраў акцыю да таго моманту, як павінен быў пад'ехаць мікрааўтобус з сілавікамі. Але яны спазніліся, таму нікога тады не затрымалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі