Украіна наладзіла ўласную вытворчасць боепрыпасаў для гармат і мінамётаў

Вайна ва Украіне / https://www.facebook.com/GeneralStaff.ua
Вайна ва Украіне / https://www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Украіна наладзіла ўласную вытворчасць боепрыпасаў для гармат і мінамётаў. Пра гэта паведаміў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. Паводле яго слоў, "Украбаронпрам" здолеў наладзіць вытворчасць артылерыйскіх снарадаў калібра 122 і 152 мм, а таксама 120-мм мін.

Раней эксперты адзначалі, што недахоп снарадаў да артылерыйскіх сістэм савецкага ўзору (іх шмат на ўзбраенні ўкраінскага войска), быў адным з самых вялікіх выклікаў для ўкраінскай арміі. Складаны момант быў вясной, калі запасы снарадаў для 122-мм гармат апынуліся практычна цалкам вычарпаныя, а заходняя артылерыя калібра 155 мм яшчэ не паступіла на фронт.

Рэзнікаў даў зразумець, што вытворчасць боепрыпасаў ажыццяўляецца пры падтрымцы заходніх партнёраў і гэтыя снарады ўжо прайшлі выпрабаванні. Ён спадзяецца, што ў бліжэйшыя месяцы аб'ёмы вытворчасці будуць толькі павялічвацца. "Мы ўжо апрабавалі іх вырабы, яны працуюць і будуць працаваць на полі бою", — запэўніў міністр абароны.

Пры гэтым Аляксей Рэзнікаў падкрэсліў, што Украіна не плануе вырабляць боепрыпасы калібра 155-мм для сучасных артылерыйскіх сістэм натаўскага ўзору. Ён спадзяецца, што пастаўкі з Захаду не спыняцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі