Украінскага музыканта не пусцілі ў Беларусь, бо яму забаронены ўезд у Расію
Украінскі гурт “Фіолет” павінен быў выступіць у Брэсце, Мінску і Віцебску. Былі арэндаваныя залы, прададзеныя квіткі. Аднак канцэрты будуць адмененыя. Аднаго з музыкантаў — Сяргея Марцінюка — не пусцілі ў Беларусь.
“Не пусцілі. Сказалі, што яму забаронены ўезд на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, таму ў Беларусь таксама не пусцяць. І развярнулі. Усе іншыя ўдзельнікі каманды свабодна праехалі, а ён не. Цяпер усе ўкраінцы ўжо вярнуліся ў Луцк. А канцэртаў не будзе. Прыйдзецца адмяняць, вяртаць грошы за квіткі”, — расказвае Еўрарадыё арганізатар беларускіх канцэртаў “Фіолета” Дзмітрый Назараў.
Ён дадае, што забарона на ўезд стала поўнай нечаканасцю і для самога Марцінюка, і для іншых музыкаў: “Ён толькі тут даведаўся пра ўсё гэта. У Расію нават не збіраўся ехаць, толькі ў Беларусь. Дзіўная сітуацыя. Украінец, які спявае пра дзяўчынак і каханне, не можа прыехаць у Мінск”.
Арганізатар збіраецца атрымаць афіцыйныя тлумачэнні ад беларускага боку. “Будзем высвятляць, як такое магло адбыцца. Напішу афіцыйны зварот, хай адказваюць”, — гаворыць Назараў.