Украінскія памежнікі спынілі кантрабанду ў мікрааўтобусе з беларускімі нумарамі
Украінскія памежнікі спынілі на мяжы з Венгрыяй мікрааўтобус "Мэрсэдэс" з з беларускімі дыпламатычнымі нумарамі. Выявілася, што аўтобус даверху наладаваны цыгарэтамі з акцызнымі маркамі, піша сайт strana.ua.
У машыне было каля 10 тысяч пачкаў цыгарэт. Памежнікі кажуць, што падчас праверкі кіроўца заўважна хваляваўся. Калі яго папрасілі адчыніць аўто для агляду, ён адмовіўся выходзіць і адчыняць машыну.
Зрэагаваў на аўтамабіль і службовы сабака. Пасля гэтага машыну заблакавалі, выклікалі паліцыю і работнікаў Службы бяспекі Украіны. Тады і высветлілася, што пад выглядам дыпламатычнай пошты ў аўтамабілі перавозілі кантрабанду.
Дарэчы, кіроўцам апынуўся грамадзянін Манголіі. Ён заявіў, што працуе ў дыпламатычным прадстаўніцтве ў Аўстрыі.