Улады Брэста: на акумулятарным заводзе зафіксаваныя перавышэнні па 8 паказчыках
23 чэрвеня ў брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў прадстаўнікі гарадскіх уладаў правялі сустрэчу з насельніцтвам. Яна прысвячалася экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне, перадае TUT.by.
На сустрэчу прыйшло каля 50 чалавек, у тым ліку некалькі актывістаў грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Яны сышлі з залы, не чакаючы заканчэння сустрэчы.
Адкрываючы сустрэчу, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук заявіў, што абстаноўка "дастаткова моцна падагрэтая СМІ".
Старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гарошка заявіў, што на свае вочы бачыў: акумулятарны завод пад Брэстам цяпер не працуе.
"Хачу сказаць адразу: на сённяшні дзень праца завода прыпыненая, і завод не працуе. Асабіста ў чацвер з прадстаўнікамі камітэта і завода прайшоў усе цэхі. Вядома, людзі прыязджаюць, выконваюць свае функцыі. У сувязі з чым? Завод спынілі рэзка. На лініях заставалася нейкая недаробленая прадукцыя, яе трэба прыбраць, сёе-тое і утылізаваць", — патлумачыў чыноўнік.
Як паведамляла Еўрарадыё, 14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама загадаў прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў". Следам абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 17 чэрвеня прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.
Па словах Гарошкі, спецыялісты праверылі, ці скідае завод рэчывы ў гарадскую і ліўневую каналізацыю. "Літаральна тыдзень таму нам прыйшлі вынікі, што на скідзе перавышэнняў няма. Што датычыць зафіксаваных перавышэнняў, па якіх сёння ідзе адміністрацыйны працэс, — па васьмі паказчыках. Выстаўлена прэтэнзія прадпрыемству. У панядзелак мы чакаем пярэчанні кіраўніцтва акумулятарнага завода, якое спрабуе гэта аспрэчыць. Але тут не атрымаецца аспрэчыць. Пробы былі адабраныя 14 красавіка і паўторныя — на працягу 30 дзён. Пакуль адміністрацыйны працэс вядзецца, я не маю права абвяшчаць колькасць рэчыва, выкінутага ў атмасферу", — падкрэсліў ён.
Разам з тым чыноўнік заявіў, што ўзровень свінцу ў глебе не павысіўся — так сведчаць вынікі даследаванняў.
У гэты ж дзень, 23 чэрвеня, каля 200 праціўнікаў завода сабраліся на плошчы Леніна ў Брэсце і прайшлі па цэнтральных вуліцах горада — Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Падчас руху колькасць удзельнікаў вырасла да 300 чалавек.
Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам працягваюцца ўжо паўтара года. Праціўнікі будаўніцтва ўказваюць на шкоду гэтага прадпрыемства для экалогіі.