“Малю не ісці гэтым маршрутам”: курдская мігрантка звярнулася да суайчыннікаў
Мігранты пасля перасячэння беларуска-польскай мяжы / Reuters
Курдская мігрантка Іман Длер заклікала іншых не рызыкаваць пераходам праз Беларусь дзеля Еўропы ў гутарцы з журналістамі курдскага выдання Rudaw.
Жанчына жыла ў сталіцы іракскага Курдыстана горадзе Эрбіль. Разам з мужам, дзіцём і братамі яна спадзявалася дабрацца да Германіі праз Беларусь.
“Малю ўсіх не ісці гэтым маршрутам. Нам сказалі, што гэта зойме ўсяго тры гадзіны, і мы дабярэмся да Германіі. Усе гэта хлусня. Мы заплацілі двум гідам і двум кантрабандыстам. Але яны зніклі на польскай мяжы”, — кажа кабета.
Сям'я з пяцігадовым дзіцём выляцела з Эрбіля ў Дубай, а адтуль — у Беларусь 12 кастрычніка. На беларуска-польскай мяжы курды правялі 12 дзён.
“Штоночы беларуская памежная паліцыя закідвала нас на тэрыторыю Польшчы, а польскія войскі адпраўлялі нас назад у Беларусь”, — цытуе выданне суразмоўніцу.
Па яе словах, польскія памежнікі адправілі ўсю сям'ю акрамя яе назад у Беларусь. Сама ж жанчына зламала нагу, знепрытомела і была дастаўлена ў польскі шпіталь. На момант інтэрв'ю яна нічога не ведала пра тое, дзе знаходзіцца яе дзіцё, муж і браты.
Брат Імар — Гайлан Длер — стаў ахвярай памежнага крызісу. Ён змог трапіць у Польшчу, але польскія ўлады адмовіліся шпіталізаваць хворага дыябетам мігранта. У чацвер уначы, піша курдскае выданне, яго адправілі ў Беларусь. Але падчас інтэрв'ю Імар пра гэта яшчэ не ведала. Яна ўспамінае становішча на мяжы:
“Было вельмі, вельмі халоднае. Вы не ўяўляеце, як было холадна. З намі былі дзеці. У нас цалкам скончылася ежа. Тры мае браты, маё дзіцё і я нічога не елі пяць дзён запар”, — кажа жанчына.
Польшча абвясціла надзвычайнае становішча на сваёй мяжы пад канец верасня. Пазней краіна ў парушэнне сваіх абавязанняў па міжнародным праве дазволіла выправаджэнне мігрантаў з мяжы. Улады Польшчы дазволілі пакідаць без разгляду прашэнне пра сховішча ў выпадку, калі яно было пададзена пасля нелегальнага перасячэння мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.