Урад правядзе выязное пасяджэнне ў Оршы
У аўторак, 23 траўня, прэзідыум Савета міністраў Беларусі правядзе выязное пасяджэнне ў Оршы. Такое даручэнне ўраду даў Аляксандр Лукашэнка. Будзе разгледжана сацыяльна-эканамічнае развіццё Аршанскага раёна, асноўныя яго праблемы (чальцы ўраду іх вызначылі загадзя). Як паведамляе БЕЛТА, на пасяджэнні абмяркуюць перспектывы шэрагу населеных пунктаў раёна, у тым ліку Барані і Балбасава. Міністры на чале з прэм’ерам Андрэем Кабяковым наведаюць шэраг прадпрыемстваў у Аршанскім раёне.
Нагадаем, што напярэдадні выбухнуў скандал са старшынём Аршанскага райвыканкама Леанідам Пянькоўскім. Ён прыхварэў і не выходзіў на сувязь. Тады сілавікі атрымалі каманду з Віцебска і ўварваліся ў дом сваякоў Пянькоўскага, дзе знаходзіўся і раённы “вертыкальшчык”. Гэтую гісторыю распавёў Аляксандр Лукашэнка, які абураўся дзеяннямі праваахоўнікаў і даў загад Следчаму камітэту разабрацца ў сітуацыі.