Урад: Праз пяць гадоў насельніцтва можа на 100% аплачваць ацяпленне
Поўная кампенсацыя насельніцтвам усіх астатніх камунальных паслуг магчымая да 2018 года.
У Беларусі тарыфы на газ і электраэнергію для рэальнага сектара эканомікі ў 2016 годзе захаваюць на сёлетнім узроўні. Пра такія планы заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, выступаючы на ўчорашнім пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.
Што да аплаты насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг, то кіраўнік ведамства лічыць найбольш рэалістычным сцэнарый, калі 100-адсоткавая кампенсацыя выдаткаў на гэтыя паслугі будзе дасягнутая да 2018 года. Выключэннем стане толькі аплата за ацяпленне — насельніцтва зможа плаціць за яго па поўным тарыфе да 2020 года, паведамляе БЕЛТА.
Зіноўскі пры гэтым падкрэсліў, што хуткасць павышэння тарыфаў — гэта асаблівае рашэнне. Міністэрства эканомікі, па яго словах, зрабіла “дзясяткі варыянтаў разлікаў, усе лічбы ёсць, трэба зрабіць выбар”.
Фота: tvoya-gazeta.com