Урад: Сёлета ў Беларусь павінны вярнуцца 3 мільярды долараў
У аўторак прайшло пашыранае паседжанне Савета міністраў.
Беларуская эканоміка павінна вырашаць не толькі бягучыя задачы, але і працаваць на перспектыву, заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Як паведамляе тэлеканал "Беларусь 1", урад у найбліжэйшы год не чакае ад эканомікі бурнага росту і робіць стаўку на стабільнасць, фінансавую ўстойлівасць і паніжэнне закрэдытаванасці рэальнага сектара. Так, прырост ВУП у 2014-м вызначаны сціплай лічбай 3%. Пры гэтым у краіну павінны вярнуцца тры мільярды долараў за ўжо пастаўленую, але яшчэ не аплачаную прадукцыю.
Складскія запасы, нібыта, ужо пачалі зніжацца і складаюць крыху больш за 70% ад месячнай вытворчасці. План да канца года — не больш за 60%.
Дарэчы, склады найбуйнейшых прадпрыемстваў узяла пад кантроль Генпракуратура, акрамя таго, Камітэт дзяржбяспекі праверыць усе буйныя дамовы па пастаўцы абсталявання на мадэрнізацыю.
Фота — БЕЛТА