Усе апошнія mp3-прэм'еры: Tlusta Lusta, “Солнцецветы”, 2MORROW2LATE і іншае

Лета працягваецца, музыкі па чарзе раз'язджаюцца па сваіх выраях, і цікавых рэлізаў робіцца ўсё менш. Музычнае жыццё перамяшчаецца на адкрытыя фестывальныя пляцоўкі: “Наш Грунвальд”, “Басовішча”… Таму сённяшні выпуск — здвоены, і будзе прысвечаны самым цікавым прэм'ерам апошніх двух тыдняў.

The Blue Veins — “Your Soul” (EP)

Але спачатку аддамо старую пазыку. У пачатку ліпеня The Blue Veins прэзентавалі альбом, што называецца, вельмі розных гітарных песень. Тут вам і пафасная павольная балада “Julia” з гітарным боем, празрыстым, як сляза дзіцяці, і “снег” з трэскам напалам у дзёрзкай “Remember me”. І ледзь не фанкавая загалоўная “Your soul”.

І лаўнжавы кавер на “Where Did You Sleep Last Night” на дэсерт.

2MORROW2LATE — “Be Yourself” (сінгл)

2Morrow2Late вяртаюцца да слухачоў з сінглам “Be Yourself”, які складаецца з аднайменнага баявіка ды медляка “Close”. На апошнім спявае Валерыя Валадзько з Harotnica, што дадало фірмоваму гітарнаму гучанню 2M2L свежасці і глыбіні.

Сінгл прэзентаваны на Еўрарадыё.

ForAboutFrom — “Сны” (песня)

Вакаліст ForAboutFrom Уладзіслаў Казачонак прызнаецца, што гэтая песня яму сапраўды прыснілася. Сон атрымаўся прыемным — на кантрасце з рэчаіснасцю, дзе гісторыя кахання скончылася і “нам больш разам не быць”. “Сны” — яшчэ адзін лёгкі трэк у скарбонку лета’2013.

Трэк прэзентаваны на сайце Ultra-music.com.

Tłusta Łusta — "Pieranacujes — bols pacujes"

Першы за пяць гадоў альбом гродзенскія панкі Tłusta Łusta вырашылі прысвяціць… пачуццям! У "Pieranacujes — bols pacujes" музыкі адыходзяць ад моладзевага максімалізму і панк-року. А праз змяшэнне стыляў і эксперыменты кожная з песень альбома атрымала ўласную стылістыку і разынку.

Паслухаць альбом цалкам можна тут. Напярэдадні прэм’еры Tłusta Łusta паказалі на Еўрарадыё песню “Modnaja Zancyna” на верш мінскага паэта Уладзя Лянкевіча. Паслухаць яе можна тут:

“Солнцецветы” — “Когда я проснусь” (міні-альбом)

Новы міні-альбом “Солнцецветы” адкрываецца песняй “Жёлтый как апельсин”, напісанай некалі Сяргеем Пукстам для гурта “Король пчёл”. Наступная кампазіцыя — “Аслан” — створаная сумесна з Моначуваком і заснаваная на рэальных падзеях. Трэк прысвечаны сябру лідара "кветак" Антона Крывулі, які меў схільнасць “садзіцца на дно і не адказваць на тэлефанаванні”.

І гэтак далей, у тым жа вельмі своеасаблівым (і вельмі звыклым для гурта “Солнцецветы”) рэчышчы.

Пакуль гэта ўсё. Наступны беларускі mp3-свяжак чакайце 29 ліпеня!

Інфармацыю пра новыя беларускія mp3 (натуральна, і самі трэкі) скідайце, калі ласка, на [email protected].

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі