Усталяванне помніка дзецям вайны ў Міёрах каштуе ўдвая даражэй за сам помнік
У Міёрах плануецца ўсталяваць дэкаратыўную скульптуру "Дзеці свету — дзецям вайны". Тэндар на гэтую скульптуру і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі абвясціла ЖКГ Міёрскага раёна, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Арыенціровачны кошт устаноўкі скульптуры — 9661 рубель. Фінансавацца ўсталяванне помніка і добраўпарадкаванне тэрыторыі будзе з уласных сродкаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Дарэчы, сама скульптура арыенціровачна будзе каштаваць 4600 рублёў. Новы манумент будзе вышынёй 2,4 метра і зойме плошчу 3 на 3 метры. Праўда, тэндар на яго выраб не адбыўся.
Помнік павінен выглядаць як разбураная дзіцячая пляцоўка: на пясочніцы размесцяць гранітныя кубікі і мячык, а зверху гранітнага голуба. На гранях кубікаў будуць выгравіраваныя выявы цацак і літары, з якіх можна скласці слова "МІР". На двух ніжніх кубіках будуць пазначаныя 1941 і 1945 гады.
На адзін з кубікаў на дзве грані нанясуць рыфмаваныя радкі:
Играют дети всей земли в войну,
Но разве о войне мечтают дети?
Пусть только смех взрывает тишину
На радостной безоблачной планете!
М. Садовский
Агулам кошт скульптуры і яе ўсталявання складзе 14 261 рубель.