Высветленыя асобы ўсіх загінулых у аварыі пад Оршай
Паводле ўдакладненай інфармацыі, ахвяраў здарэння 9. Раней паведамлялася пра 8 загінулых.
Як паведамілі БелаПАН у Следчым камітэце, у легкавой машыне загінулі чатыры грамадзяніна Узбекістану і адзін грамадзянін Азербайджану, у мікрааўтобусе — чатыры украінцы. Гэта вынікае са знойдзеных на месцы здарэння дакументаў.
Нагадаем, што паведамленне пра дарожнае здарэнне паступіла ў МНС 28 ліпеня а 7.16. Непадалёк ад вёскі Бабінічы сутыкнуліся дзве машыны — легкавік “Опель-Амега-караван” і мікрааўтобус “Мерседэс-Спрынтэр”.
У “Опелі” з расійскімі нумарамі знаходзіліся 5 чалавек, усе загінулі на месцы. У “Мерседэсе”, зарэгістраваным ва Украіне, ехала 14 чалавек, трое з іх загінулі на месцы. 11 астатніх ратавальнікі дасталі з машыны пры дапамозе гідраўлічнага інструменту. Яшчэ адзін чалавек сканаў у лякарні і такім чынам ахвяраў аварыі стала 9.
Узяты відэазапіс з відэарэгістратара аднаго з аўтамабіляў, які ехаў за “Мерсэдэсам”. На ім бачны момант сутыкнення. Усталяваныя таксама нумары машын, у якіх могуць быць сведкі здарэння.
Па факце аварыі распачатая крымінальная справа. Следчы камітэт праінфармаваў пра здарэнне консульствы Расіі і Украіны.