Уздоўж мяжы з Літвой і Латвіяй з самалёта раскідаюць вакцыну супраць шаленства

Брыкет шэрага або цёмнага-карычневага колеру

Брыкет шэрага або цёмнага-карычневага колеру / osh.by

Уздоўж мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй з самалёта раскідаюць вакцыну супраць шаленства. Брыкеты прызначаны для дзікіх жывёл.

Як паведамляе галоўны ветэрынарны ўрач Ашмянскага раёна, акцыя праводзіцца з мэтай прафілактыкі шаленства. Брыкет шэрага або цёмнага-карычневага колеру важыць да 30 грамаў. На адзін квадратны кіламетр іх скінуць каля 24. Самалёт будзе пралятаць на вышыні 150-200 метраў. Ён абміне населеныя пункты і вадаёмы.

Мясцовых жыхароў папярэджваюць, каб не былі ў зоне выкідвання з самалёта брыкетаў, бо можна атрымаць траўму (пры гэтым дату пачатку акцыі не назвалі). Пры выпадковым трапленні вакцыны на адкрытыя ўчасткі цела або слізістыя абалонкі вачэй, рота ці носа, іх неабходна прамыць вадой, а таксама апрацаваць двухпрацэнтным растворам пітной соды, звярнуцца па меддапамогу ў мясцовую ўстанову аховы здароўя. Забараняецца браць брыкеты рукамі і аддаваць іх хатнім жывёлам.

Летась авіяцыя некалькі дзён раскідвала брыкеты з капсуламі для дзікіх жывёл на тэрыторыі чатырох абласцей — Гродзенскай, Мінскай, Брэсцкай і Віцебскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі