Ва Украіне сутыкнуліся два аўтобусы. Пацярпелі дзеці з Беларусі (фота)
Пад Ковелем аўтобус з Мінска не размінуўся з турыстычным бусам з Балгарыі. 7 чалавек (у тым ліку адно дзіця) загінулі, больш за 20 траўмавана.
Раніцай 11 ліпеня на Валыні сутыкнуліся два пасажырскія аўтобусы. Па інфармацыі газеты “Вісник+К”, аўтобус “Эталон” не размінуўся з вялікім турыстычным бусам з балгарскімі нумарамі. Адзін з іх вёз дзяцей з Мінска.
На месцы ДТЗ загінула чацвёра пасажыраў — адзін з балгарскага аўтобуса і трое з “Эталона”. Яшчэ тры чалавекі памерлі ў лякарнях.
Па інфармацыі сайта "Онлайнер", адно дзіця з Беларусі загінула, яшчэ ў аднаго пералом рукі. Усяго 22 пасажыры аўтобусаў атрымалі траўмы рознай цяжкасці. 27 беларускіх турыстаў зараз у гасцініцы.
“Аўтобус з турыстамі выехаў з Мінска 10 ліпеня ў 22:00. На адпачынак у Балгарыю ехалі дзеці — танцавальны калектыў. Перавозчыкам выступала балгарская фірма, за рулём быў кіроўца з гэтай краіны Дзяцей суправаджалі бацькі, іншыя дарослыя. Усяго ў аўтобусе было каля 50 чалавек.
Прыкладна ў 7:20 ён праязджаў па тэрыторыі Валынскай вобласці. На дарозе Даманава — Ковель (недалёка ад мяжы Беларусі і Ўкраіны) адбылося лабавае сутыкненне з невялікім пасажырскім аўтобусам (у ім людзі ехалі ў санаторый)”, — паведамляе Дэпартамент ДАІ МУС Украіны.
Фота: Виртуальный Брест