Вадзім Іосуб: Беларусь і Расія — на парозе чарговай “нафтавай вайны”

 Вадзім Іосуб: Беларусь і Расія — на парозе чарговай “нафтавай вайны”

Беларусь і Расія стаяць на мяжы чарговага нафтавага канфлікту. І ўсё таму, што беларускія НПЗ адмаўляюцца перавозіць сваю прадукцыю, якую адпраўляюць на экспарт, па расійскай чыгунцы, а карыстаюцца паслугамі калег з краін Балтыі. Гэтае нежаданне можа прывесці да скарачэння паставак расійскай нафты ў Беларусь, мяркуе старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб.

Іосуб: “Тое, што можа быць цалкам спыненая пастаўка нафты, малаверагодна. Але сур’ёзныя скарачэнні аб’ёмаў паставак цалкам магчымыя. Не далей як летась мы былі сведкамі такіх дзеянняў Масквы і ведаем, што выкарыстоўвае нафтавы альбо газавы вентыль як сродак уціску расійскі бок не ўпершыню. Тут відавочны канфлікт інтарэсаў: гэта цікава расійскім перавозчыкам, але найхутчэй — не цікава беларускім вытворцам. Па гэтым пытанні будзе гандаль. Але ці выльецца ён у чарговую нафтаваю вайну, на гэтым этапе сказаць складана”.

Нагадаем, расійскія чыгуначнікі паскардзіліся Уладзіміру Пуціну, што нягледзячы на 50% зніжку для перавозкі прадуктаў нафтаперапрацоўкі, беларускія НПЗ адмаўляюцца карыстацца паслугамі расійскіх чыгуначнікаў і аддаюць перавагу балтыйскім. Спасылаючыся пры гэтым на доўгатэрміновыя кантракты. У адказ Пуцін прапанаваў аб’яднаць пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь з дамовай на выкарыстанне беларускімі НПЗ расійскай чыгункі.

На думку Вадзіма Іосуба, такая пастаноўка пытання гучыць дзіўна, з улікам таго, што мы знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы, але “пастаўкі тавараў унутры гэтай прасторы пачынаюць абумоўлівацца нейкімі рэчамі”. На думку эксперта, Беларусі трэба сур’ёзна падумаць над тым, каб шукаць сабе іншых пастаўшчыкоў нафты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі