Вайна з дрэвамі. У Віцебску здаровую ліпу спрабавалі “ураніць” трактарам

Вайна з дрэвамі. У Віцебску здаровую ліпу спрабавалі “ураніць” трактарам

Удзень 29 кастрычніка дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў убачыў, як рабочыя спрабуюць расхістаць дрэва — старую ліпу, што прарасла праз асфальт на ходніку на вуліцы Янкі Купалы. Ён стаў перад трактарам і спыніў гэтае варварства.

“Ёсць здымкі, дзе відаць, як трактар б’е каўшом па дрэве, — распавядае Еўрарадыё неабыякавы віцяблянін. — Жыхары дома звярнуліся на “гарачую лінію” аблвыканкама, я звярнуўся ў гарадскую экалогію, дзе пакінуў скаргу. Паабяцалі разабрацца, але не хочацца, каб дрэва павалілася ў працэсе разбіральніцтва. Адзінае вялікае дрэва на гэтай вуліцы, якое засталося.

Калі работнікі працавалі, я падышоў да трактара і стаў перад ім. А як інакш? Я патрабаваў праект, кіраўніцтва, але ніхто не адрэагаваў”.

Рабочыя (а гэта былі супрацоўнікі прадпрыемства “Гардармост”) так і не прызналіся, чым ім перашкаджае дрэва. Але працы былі спыненыя, а Духоўнікаў звярнуўся ў афіцыйныя структуры.

У “Гардармосце” Еўрарадыё распавялі, што насамрэч ліпу ніхто не чапаў. Ну, ва ўсякім выпадку, наўмысна. А калі дрэва і пашкодзілі, дык гэта атрымалася выпадкова.

“Людзі ставяць борт ад праезнай часткі, а калі камусьці здаецца, што яны збіраюцца дрэва расхістаць, дык гэта няправільнае меркаванне, — кажа дырэктар Аляксей Халупаў. — І думкі ніколі не было выкарчоўваць. Не ведаю, каму ў галаву такое прыйшло”.

Ад іншых каментарыяў дырэктар адмовіўся.

Віцебскі журналіст Юрый Шэпелеў прыгадвае, як падчас рамонту цеплатрасы ўпала старое разгалістае дрэва ля помніка Аляксандру Пушкіну. Ад помніка да месца, дзе рабочыя спрабавалі расхістаць ліпу, напрамкі менш за 350 метраў. Узнікае пытанне: ці не “дапамаглі” і таму дрэву зваліцца?

У Гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў Віцебска Еўрарадыё адказалі, што планаў знішчыць старую ліпу няма, а ў дзеяннях рабочых трэба разабрацца.

“Будуць выкліканыя адказныя асобы, ідзе разбіральніцтва, — распавёў кіраўнік установы Валерый Фандо. — “Гардармост” праводзіў рамонтныя працы. Выслухаем паказанні сведак: расхіствалі дрэва ці не. Дрэва пашкоджана нязначна. Думаю, яно будзе жыць. Ніхто не збіраецца знішчаць ліпу, ніякіх папер і размоў пра гэта не было”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі