Вештард: Мы пачалі працу па падрыхтоўцы да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах

Вештард: Мы пачалі працу па падрыхтоўцы да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ірына Вештард, выступаючы на з’ездзе арганізацыі, паведаміла пра падрыхтоўку да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Па яе словах, на выбары збіраюцца 26 партыйцаў і плануецца, што гэтая лічба павялічыцца сама меней у два разы.

Вештард адзначыла, што іх структура даўно не брала ўдзелу ў выбарчых кампаніях, але зараз вырашана змяніць гэты падыход — каб папулярызаваць партыю сярод  выбаршчыкаў. Больш за тое, па словах кіраўніцы арганізацыі, партыі трэба рыхтавацца да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

Вештард: “Нам гэтым разам трэба мець сваю кандыдатуру кандыдата ў прэзідэнты. Да выбараў 2020 года партыі трэба пачынаць рыхтавацца ўжо ў 2018 годзе, а можа — і адразу па заканчэнні сённяшняга з’езду”.

Нагадаем, 13 сакавіка ў Мінску праводзіць з’езд БСДП (Грамада), на якім дэлегаты абяруць кіраўніцтва партыі на чарговы перыяд.

У прэзідэнцкай кампаніі 2015 года БСДП сваім кандыдатам не ўдзельнічала. Адначасова было прынятае рашэнне, што з удзелам у кампаніі сябра партыі і актывісткі кампаніі “Гавары праўду” Таццяны Караткевіч мусіў вызначаць кожны партыец індывідуальна. У выніку толькі частка актывістаў БСДП, у большай ступені тыя, хто супрацоўнічаў з “Гавары праўду”, працавалі ў кампаніі Караткевіч.

З 12 сябраў прэзідыума ў ініцыятыўную групу Караткевіч уваходзіла 6 чалавек, з 45 сябраў ЦК — толькі 16. Усяго ж у ініцыятыўнай групе Караткевіч з 1131 партыйца працавала каля 60 сябраў БСДП.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі