Ветэран-афганец, якому не давалі пуцёўку, усё ж паедзе на рэабілітацыю

Жыхару Глыбокага Андрэю Латушку ў канцы студзеня адмовілі ў пуцёўцы ў рэабілітацыйны цэнтр для воінаў-афганцаў, патлумачыўшы тым, што з яго хваробамі ён не можа праходзіць лячэнне. Тады Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнні да лечачага ўрача і да ваеннага камісара Глыбоцкага раёна. 

Супрацоўнік ваенкамата Сяргей Краснадубскі паабяцаў дапамагчы воіну-афганцу вырашыць гэта пытанне:

“Мы падрыхтуем хадайніцтва, і з галоўным урачом я перагавару, каб такая магчымасць знайшлася, каб яго адправілі, таму што я ў курсе гэтай праблемы, ведаю гэту справу”.

Трэба адзначыць, што камісар сваё слова стрымаў. З ваенкамата быў скіраваны ліст у паліклініку з просьбай разабрацца ў справе ветэрана і даць пісьмовае тлумачэнне, чаму той не можа прайсці лячэнне ў спецыялізаванай медустанове. Расказвае афганец Андрэй Латушка:

“У ваенкамаце мне сказалі, што далі пісьмовы запыт у глыбоцкую паліклініку па гэтым пытанні. Ваенкамат даў пісьмовы запыт у паліклініку, каб яны выдзелілі пуцёўку, і ім далі пісьмовы адказ”.

Старшыня медычна-кваліфікацыйнай камісіі Тамара Даламанава адрэагавала на сітуацыю пасля званка з Віцебскага рэабілітацыйнага цэнтра і згадзілася выдаць спадару Латушку пуцёўку ў цэнтр, як толькі з’явіцца такая магчымасць. Працягвае Андрэй Латушка:

“Калі вы будзеце моцна настойваць, можам і зараз вам арганізаваць там, знайсці пуцёўку якую самую гарачую. Я кажу, што ў мяне ўжо такой тэрміновасці няма, ужо настрой той прапаў, збілі жаданне, кажу, ужо ў наступны раз, як з’явіцца, давайце — ну, у наступным квартале чакайце тады. Ну, а наступны квартал дзесьці красавік, травень, чэрвень…”

Пасля нашай размовы ў той жа дзень Андрэю Латушку пазванілі з Глыбоцкай паліклінікі і паведамілі, што ёсць пуцёўка ў рэабілітацыйны цэнтр з 4 красавіка. Ветэран вырашыў ехаць і ўжо афармляе дакументы. Як сцвярджае сам Андрэй, гэта стала магчымым таксама і таму, што гэта праблема была агучана ў сродках масавай інфармацыі.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі