Ветлекар з Клецкага раёна скраў 25 кароваў
Пасля праверкі, якую правялі супрацоўнікі УУС Мінскага аблвыканкама, на галоўнага ветэрынарнага лекара аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Клецкага раёна пачалі крымінальную справу. Мужчыну падазраюць у крадзяжы буйной рагатай жывёлы на агульную суму больш за 36 тысяч рублёў, паведамляе прэс-служба мінскай абласной міліцыі.
Паводле звестак праваахоўнікаў, з кастрычніка 2016-га па чэрвень 2017 года лекар, злоўжываючы службовым становішчам, удзельнічаў у крадзяжы буйной рагатай жывёлы і яе далейшым продажы. Па дакументах каровы праходзілі як непрыдатныя і спісваліся на страты.
Паведамляецца, што ветэрынар даваў незаконныя ўказанні рабочым прадпрыемства перавесці ў забойны цэх і забіць жывёлаў. Потым тушы прадавалі камерцыйным структурам за наяўныя грошы. Пакупнікамі выступалі прадпрыемствы з іншых абласцей, зацікаўленыя ў куплі прадукцыі па нізкіх коштах.
У дакументазх справы фігуруюць больш за 25 галоў буйной рагатай жывёлы, агульнай вагой больш за 10 тон.
На ветлекара пачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.