Віцебская мытня спыніла 20 тон ласося, які кантрабандай везлі ў Расію
Віцебская мытня спыніла 20 тон рыбнай прадукцыі, якую кантрабандай везлі ў Расію, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
Фуру "Scania" мытнікі спынілі недалёка ад беларуска-расійскай мяжы. Кіроўца падаў дакументы, згодна з якімі ў грузавым адсеку перавозілася партыя керамічнай пліткі.
Аднак падчас агляду выявілася, што ў машыне было толькі тры скрынкі з керамічнай пліткай. Ва ўсіх астатніх перавозіліся марожаныя хрыбты і брушкі ласося, забароненыя да ўвозу ў Расію.
Вага рыбнай прадукцыі, на якую не было суправаджальных дакументаў, склала каля 20 тон. Паводле папярэдняй ацэнкі, кошт кантрабанды — больш за 66 тысяч рублёў.
Тавар затрыманы. Згодна з законам, штраф можа скласці да 50% ад кошту тавару.