Віцебскі блогер кінуў пад ногі суддзі косткі для сабак
1 лютага ў Віцебску пасля 15-сутачнага арышту на волю выйшаў блогер Аляксандр Дуброўскіх, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
У сярэдзіне студзеня суддзя суда Віцебскага раёна Іван Белавус аштрафаваў блогера на 810 рублёў (30 базавых велічынь) за ўдзел у мінскіх акцыях у падтрымку незалежнасці Беларусі. Тады Дуброўскіх прыйшоў у суд і кінуў пад ногі суддзі косткі для сабак. За гэта віцябляніна прызналі вінаватым у дробным хуліганстве. Таксама суд вырашыў, што мужчына нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. (Сам блогер заяўляе, што лаянкі з яго боку не было.) За гэта яго арыштавалі на 15 сутак.
Пасля выхаду з ізалятара Дуброўскіх даведаўся, што за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй яго асудзілі яшчэ двойчы — кожны раз па 810 рублёў (30 базавых). Блогера пакаралі за мінскую акцыю, якая прайшла 21 снежня, і за віцебскі пікет, які адбыўся 29 снежня.
Такім чынам, яму трэба будзе заплаціць 2430 рублёў штрафу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.