Віцебскіх будаўнікоў аштрафавалі за спробу зваліць старое дрэва
Кіраўнік будаўнічага ўчастка віцебскага прадпрыемства “Гардармост” прыцягнуты да адказнасці за спробу яго падначаленых зваліць старое дрэва, якое перашкаджала рабочым рамантаваць ходнік на вуліцы Янкі Купалы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік Гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў Валерый Фандо.
Раніцай 29 кастрычніка рабочыя каўшом трактара пачалі выломваць асфальт, зачапілі старую ліпу і паспрабавалі яе зваліць. Адзінае старое дрэва на гэтай вуліцы пашкодзілі.
“Кіраўнік будаўнічага ўчастка прадпрыемства прыцягнуты да адказнасці за пашкоджанне дрэва: яму выпісаны штраф. Таксама кіраўніку “Гардармоста” накіраваны ліст, каб з рабочымі прадпрыемства правялі інструктаж пра недапушчэнне парушэння прыроднага заканадаўства, — паведаміў Валерый Фандо. — Пагрозы дрэву няма, але калі яно засохне, то прадпрыемству будзе выстаўленая шкода”.
Пра сітуацыю з дрэвам паведаміў дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. Гэта не першы варварскі выпадак абыходжання з дрэвамі ў Віцебску.