Віцяблянамі, якія прасілі прытулак у амбасадзе Швецыі, зоймецца Следчы камітэт
Міліцыя правяла праверку ў дачыненні да віцяблянаў Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў па факце нападу на супрацоўнікаў міліцыі. Пра гэта парталу TUT.by распавяла афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава.
Самі мужчыны з 11 верасня знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швецыі. Праверка пачалася пасля стрыму, які Уладзіслаў Кузнечык зрабіў з тэрыторыі дыпмісіі.
Па словах Шкуратавай, міліцыянты дэталёва прааналізавалі фота- і відэаматэрыялы з месцаў падзей у Віцебску. У тым ліку яны выкарыстоўвалі матэрыялы са СМІ і сацсетак.
"Адноўлены ланцужок падзей, які прывёў да таго, што ў дачыненні да Віталя Кузнечыка ўжылі фізічную сілу і спецсродкі. Выяўленыя факты нападу бацькі і сына на супрацоўнікаў міліцыі. Матэрыялы накіраваныя для праверкі ў Следчы камітэт", — заявіла прадстаўніца віцебскай міліцыі.
Як распавядала Еўрарадыё, 11 верасня 29-гадовы Уладзіслаў Кузнечык і яго 47-гадовы бацька Віталь схаваліся на тэрыторыі шведскай амбасады. Уладзіслаў паведаміў, што яны ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту ў Віцебску, пасля якой іх пераследуе міліцыя. У той дзень у Віцебску адбылася масавая бойка мітынгоўцаў з міліцыянтамі — удзельнічала больш за 100 чалавек. Па словах кузнечыка-малодшага, іх спрабавалі затрымаць, пырснулі ў вочы слезацечным газам, білі дубінкамі.
На тэрыторыі амбасады віцябляне знаходзяцца ўжо некалькі дзён. Яны чакаюць, якое рашэнне наконт іх прымуць шведы. Мужчыны кажуць, што іх забяспечылі ўсім неабходным: ежай, спальнымі месцамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.