Віцяблянаў, якія хаваюцца ў амбасадзе Швецыі, вінавацяць па крымінальнай справе
Віцябляне Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія амаль два месяцы хаваюцца на тэрыторыі шведскай амбасады ў Мінску, — абвінавачаныя па крымінальнай справе. Ім інкрымінуюць артыкул 364 Крымінальнага кодэксу ("Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў").
Як піша TUT.by, абвінавачанне бацьку і сыну выставілі яшчэ 15 верасня, а іх адвакат змог даведацца пра гэта толькі 2 лістапада ад юрыста з Віцебска.
Віцяблянам дапамагае юрыст са Швейцарыі Вадзім Драздоў. Па яго словах, 9 верасня, на трэці дзень пасля нядзельнай акцыі пратэсту ў Віцебску Следчы камітэт пачаў крымінальную справу. 15 верасня Кузнечыкі былі прызнаныя падазраванымі па ёй. А пазней у той жа дзень — абвінавачанымі. Самі віцябляне яшчэ з 11 верасня хаваюцца на тэрыторыі шведскай дыпмісіі ў Мінску.
6 верасня ў Віцебску адбылася масавая акцыя пратэсту, якую жорстка разганяла міліцыя. Падчас разгону пачаліся сутычкі мітынгоўцаў з сілавікамі. Кузнечыкам удалося ўцячы, але некалькі дзён яны хаваліся.
Як распавядала Еўрарадыё, Камітэт супраць катаванняў ААН папрасіў Швецыю не выдаваць віцяблянаў беларускім уладам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.