Вінаградава прыйшлі сустракаць Някляеў і Мацкевіч (фота)
А таксама тры дзясяткі паплечнікаў па “Гавары праўду” і актывістаў разнастайных арганізацый. Іншых лідараў не было.
Сустрэча Паўла Вінаградава з Акрэсціна перарасла ў невялікі перформанс дзякуючы нашумеламу адкрытаму лісту, які з’явіўся ў інтэрнэце пасля чарговай пасадкі лідара арганізацыі “Змена”. У ім Вінаградаў выказаў упэўненасць, што з “сутак” яго будуць сустракаць усе лідары апазіцыйных рухаў, аргкамітэтаў і партый.
Выйшаўшы з брамы спецпрыёмніка-размеркавальніка, Павел адразу вядзе ўсіх да вялікага бела-чырвона-белага пазла. Па задуме Вінаградава, яго кавалкі трэба было раздаць усім запрошаным лідарам.
“Зараз я буду раздаваць кавалачкі. Адзін кавалачак аднаму лідару, другі кавалак – другому! Дзе тут Лябедзька?” - пытаецца Вінаградаў.
Марна. Лябедзькі няма. Няма і Рымашэўскага, Мілінкевіча, Янукевіча, Івашкевіча, Калякіна. Таму свае кавалкі пазла атрымоўваюць толькі прысутныя Уладзімір Някляеў і Уладзімір Мацкевіч. Іншыя часткі разбіраюць актывісты, абяцаючы перадаць іх сваім лідарам.
У ізалятары на Акрэсціна Павел Вінаградаў правёў 12 сутак за несанкцыянаваную акцыю. 21 красавіка на ўваходзе ў станцыю метро "Няміга" ён вывесіў партрэт экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які цяпер адбывае пакаранне ў калоніі.