Вядомы лекар Максім Ачарэтні расказаў, як ужо паўгода працуе ў Адэсе

Максім Ачарэтні / Еўрарадыё
Максім Ачарэтні / Еўрарадыё

Вядомы дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Максім Ачарэтні вось ужо паўгода працуе ва Украіне. Ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, паколькі пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе працаваць у краіне стала немагчыма.

У красавіку гэтага года медыка звольнілі з пасады галоўнага доктара мінскай дзіцячай бальніцы №3 "па пагадненні бакоў". Але, вядома ж, ініцыяваў звальненне не лекар. Раней Максім Ачарэтні расказваў, што асноўная прычына яго звальнення — подпіс у падтрымку Віктара Бабарыкі, які ён пакінуў у часе перадвыбарнай кампаніі. У дадатак ён узяў на працу двух лекараў, якіх звольнілі з іншых лякарняў па палітычных матывах.

Медыку сказалі адкрытым тэкстам, маўляў, працу ў дзяржаўных медустановах не шукай, усё роўна не возьмуць. А ў прыватныя ён сам не пайшоў, бо яны вельмі залежныя ад Мінздароўя. "Не хацелася нікога падстаўляць", — кажа Ачарэтні.

Пасля звальнення медыку патэлефанавалі з адэскай прыватнай клінікі і запрасілі на працу анестэзіёлагам-рэаніматолагам, прапанавалі добры заробак. Ён пагадзіўся.

— Тамсама я працую і цяпер, — расказвае Максім Ачарэтні. — 6 снежня будзе паўгода, як я з'ехаў з Беларусі. Вядома, вельмі хочацца дадому, але ў нашай краіне лекары аказаліся нікому не патрэбныя. Што мне было рабіць? Я б з задавальненнем застаўся дома.

Известный врач Максим Очеретний рассказал, как уже полгода работает в Одессе
Фота з архіва Еўрарадыё

Але і працаваць у Адэсе, па словах медыка, яму падабаецца. Тым больш што ён у гэтай клініцы не адзін беларус.

— У нас у лякарні 14 медыкаў з Беларусі працуе. 13 з іх з Мінска. З трыма я працаваў у адной лякарні. Мы тут ужо рулім, можна сказаць. Маленькі Мінск, — з усмешкай расказвае суразмоўнік. — Дарэчы, многія пацыенты заўважаюць, што я не мясцовы. Часам кажуць: "Вы не адэсіт". Пытаюся, як даведаліся? "Ды акцэнт не той", — адказваюць. "А адкуль?" — цікавяцца. Калі чуюць, што з Беларусі, усміхаюцца. Да беларусаў тут ставяцца добра.

Па словах медыка, яго праца ў адэскай лякарні нічым не адрозніваецца ад таго, што ўваходзіць у абавязкі лекараў у Беларусі.

— У мяне васьмігадзінны працоўны дзень. Плюс дзяжурствы. Чуў, што ў Беларусі збіраюцца "дазволіць" лекарам працаваць па 1800 гадзін звыш нормы ў год. Не тое каб дазваляюць, гэта ж зразумела, што ў добраахвотна-загадным парадку. Гэта проста рабства. І ўсё будзе ж не за падвышаны заробак, а за звычайны, — мяркуе лекар. — На маёй цяперашняй працы таксама бываюць перапрацоўкі. Але ўлічваючы, што гэта прыватная клініка, тут да гэтага ставяцца па-іншаму: яны аплачваюцца.

Сваім заробкам медык задаволены. Аднак меркаваць пра ўзровень заробкаў у цэлым па ўкраінскай сістэме аховы здароўя ён не бярэцца.

— Пра аплату працы ў дзяржаўных установах аховы здароўя я ведаю толькі па расказах іншых лекараў. Яна невысокая. Размаўляў з хлопцамі, называў заробкі беларускіх лекараў у дзяржклініках, яны не здзівіліся, таму што прыблізна тое на тое і выходзіць.

У прыватных клініках, вядома ж, заробкі вышэйшыя. Тут я зарабляю ў два з лішнім разы больш, чым у Мінску працуючы галоўным доктарам. А тут я звычайны лекар-анестэзіёлаг, — адзначае суразмоўнік.

У іншых аспектах параўноўваць нашу ахову здароўя з украінскай медыку, як ён кажа, таксама складана.

— З майго боку гэта будзе некарэктным. Таму што я працую ў прыватнай клініцы. У цэлым пра сістэму я ведаю толькі са слоў іншых лекараў, і рабіць нейкія высновы пра ўсю сістэме ў цэлым няправільна з майго боку, — тлумачыць Ачарэтні. — А лекары і тут, і там аднолькавыя, што ў Беларусі, што ва Украіне. З аднолькавым менталітэтам, з прыблізна аднолькавымі ведамі. З аднолькавым стаўленнем да працы.

Лекар кажа, што сочыць за беларускімі навінамі, глядзіць, што адбываецца ў краіне, у тым ліку і ў сферы аховы здароўя.

— Чытаў пра ідэю ўвесці дзесяць гадоў адпрацоўкі пасля ўніверсітэта для маладых медыкаў. Гэта прыгоннае права! Не ўяўляю, у якую дзіру мы звалімся, калі прымусяць людзей адпрацоўваць дзесяць гадоў.

Магу толькі выказаць здагадку, што тыя дзеці, якія больш-менш разумныя і хацелі паступаць у медыцынскія ВНУ ў Беларусі, туды паступаць не будуць, а стануць з'язджаць у Еўропу — у Польшчу, напрыклад. Або нават у Расію. Дзеці, якія слабейшыя, пойдуць у нашы. Конкурс на месца, напэўна, не паменшыцца.

Але пойдуць вучыцца тыя, хто слабейшы ведамі. Гэта па-першае. Па-другое, людзі будуць уцякаць. Уявіце, што чалавек, які пражыў усё жыццё ў Мінску, на дзесяць гадоў адправіцца па размеркаванні ў лепшым выпадку ў якую-небудзь Жабінку. На мой погляд, ні да чога добрага гэта не прывядзе. І чаму так толькі медыкі павінны адпрацоўваць? Чаму гэта не датычыцца іншых спецыялістаў, якіх трэба замацоўваць на месцах? — задаецца пытаннем суразмоўнік.

Известный врач Максим Очеретний рассказал, как уже полгода работает в Одессе
Фота з архіва Еўрарадыё

Але нават нягледзячы на ўсю неідэальнасць сферы медыцыны ў Беларусі, Ачарэтні не пакінуў думкі працягнуць працаваць менавіта там. Ён нават не змог прапанаваць, што ў айчыннай ахове здароўя варта было б рэфармаваць.

— Мне было камфортна працаваць. Калі гаварыць пра вялікія перапрацоўкі, то яны з'явіліся толькі цяпер. А калі я працаваў, гэтага не было. І заробак мяне, у прынцыпе, задавальняў. Таму я нават не ведаю, што рэфармаваць, — разважае лекар. — Я ўсё ж спадзяюся, што я змагу вярнуцца і працаваць там. Кантракт у мяне ў Адэсе пяцігадовы. Але калі ў мяне будуць нейкія важкія прычыны з'ехаць, то я змагу гэта зрабіць. Як толькі адбудзецца тое, чаго ўсе хочуць, дык адразу я і адпраўлюся дадому.

Ён таксама дадаў, што да гэтага часу ўспрымае жыццё ў Адэсе як часовы побыт. "Я цяпер тут адчуваю сябе чалавекам часовым", — кажа Ачарэтні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі