Вядомыя імёны аператыўнікаў ФСБ, якія маглі ўдзельнічаць у атручванні Навальнага

Вядомыя імёны аператыўнікаў ФСБ, якія маглі ўдзельнічаць у атручванні Навальнага

У спецаперацыі па атручванні расійскага палітыка Аляксея Навальнага ў жніўні 2020-га непасрэдна маглі ўдзельнічаць восем супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі. Усе яны супрацоўнікі нейкага сакрэтнага падраздзялення, як выявіла сумеснае расследаванне The Insider, Bellingcat, CNN і Der Spiegel.

Паводле звестак журналістаў, у спецгрупу уваходзіў Станіслаў Макшакоў, які раней працаваў у Дзяржаўным інстытуце тэхналогіі арганічнага сінтэзу ў закрытым вайсковым гарадку Шыханы-1 (в/ч 61469). Там жа служыў і Канстанцін Кудраўцаў ("Сакалоў"), які перад тым скончыў Расійскую акадэмію вайсковай хіміка-біялагічнай абароны.

Ёсць у групе і медыкі, адзначае "Новая газета". Алег Таякін ("Тарасаў") скончыў Пірагоўскую медыцынскую акадэмію ў Маскве, а потым служыў на базе "Белы Вугаль" Службы спецыяльных прызначэнняў ФСБ у Есентуках. Другі лекар — Аляксей Аляксандраў ("Фралоў") стаў працаваць у ФСБ з 2013 года. Мяркуецца, што ён ключавы аператыўнік групы.

Таксама чальцамі групы называюць медыка Івана Восіпава ("Спірыдонава"), былога супрацоўніка Мінабароны Аляксея Крывашчокава, Міхаіла Швяца ("Сцяпанава"), прапісанага па адрасе цэнтра спецыяльных аперацый ФСБ, і былога супрацоўніка Паамежнай службы ФСБ Уладзіміра Паняева. Паводле звестак The Insider, Паняеў жыве ў адным доме з Навальным.

Аўтары расследавання спасылаюцца на тэлефонныя білінгі перамяшчэнняў аператыўнікаў. Паводл іх, за Навальным сілавікі пачалі сачыць са студзеня 2017 года, калі ён заявіў, што ў 2018-м будзе вылучацца ў прэзідэнты. 

Калі ЦВК адмовілася рэгістраваць Навальнага кандыдатам, сачэнне за ім спынілася да 2020 года. Летам Аляксандраў, Швец і Паняеў нібыта паехалі за палітыкам у Калінінград. Там, як мяркуюць аўтары расследавання, ад дзеянняў сілавікоў магла пацярпець жонка апазіцыянера Юлія Навальная: у адзін з дзён адпачынку ёй стала вельмі дрэнна. Не выключаецца, што жанчына была атручаная.

Аляксандраў, Восіпаў і Паняеў паехалі з Навальным у жніўні ў Томск. Яны выключылі свае тэлефоны, аднак два разы Аляксандраў уключыў мабільны. Так, расследвальнікам удалося высветліць, што адзін раз ён быў побач з гатэлем у Томску, дзе жыў апазіцыянер.

Пасля ўдзельнікі групы адправіліся ў Горна-Алтайск. Каля ёсць горад Бійск, дзе, як заяўляе The Insider, размешчаны інстытут праблем хіміка-энергетычных тэхналогій: тут распрацоўваўся "набор нанасарбентаў для выдалення слядоў хімічнай зброі з заражаных участкаў". Гэты інстытут таксама супрацоўнічае з Інстытутам крыміналістыкі ФСБ. Журналісты лічаць, што там удзельнікі спецгрупы маглі пазбаўляцца ад рэчаў са слядамі яду.

Як распавядала Еўрарадыё, пасля атручэння ў жніўні Аляксея Навальнага вывезлі ў Германію. Некалькі тыдняў ён прабыў у штучнай коме. Толькі на пачатку кастрычніка ён быў выпісаны з лякарні. Нямецкія спецыялісты прызналі, што расійскі апазіцыянер быў атручаны рэчывам з групы "Навічка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі