Вясной у Беларусі з'явіцца сістэма налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый
З 1 сакавіка ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях з'явіцца сістэма налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый для падтрымкі маламаёмасных грамадзян, як частковая кампенсацыя кошту паслуг ЖКГ. З красавіка-траўня яна запрацуе ў астатніх абласцях і ў Мінску. Пра гэта падчас круглага стала ў рэдакцыі газеты "Рэспубліка" паведаміў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка.
Ён нагадаў, што Беларусь спадзяецца атрымаць ад МВФ крэдыт у памеры 3 млрд долараў, але для гэтага ставяцца ўмовы падняцця тарыфаў на паслугі ЖКГ да іх рэальнага кошту. Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапановы МВФ будуць выконвацца, "як бы ні было складана". Рыхтуецца праект указу кіраўніка дзяржавы "Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый і ўнясенні дадаткаў і зменаў у некаторыя ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". У бліжэйшы час дакумент будзе разглядаць урад.
Па словах Паскробкі, калі раней субсідыя налічвалася на колькасць зарэгістраваных у кватэры чалавек, дык цяпер будзе — на фактычную яе плошчу. Больш падрабязна пра новаўвядзенне гл. тут.