Выказваем заклапочанасць: амерыканцы адляцелі, кітайцы зноў нешта зарэгулявалі

Хутка раскажам пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Хутка раскажам пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Апошнімі амерыканскімі грамадзянамі, якія пакінулі Афганістан, былі генерал Донах'ю і часовы павераны ў справах ЗША Уілсан. Так, здаецца, амбасады там больш не будзе.

А ў Кітаі не будзе непаўналетніх геймераў. Час для гульняў абмежавалі адной гадзінай у дзень.

Але гульнявая залежнасць, мабыць, не самае дрэннае, што можа здарыцца з дзіцем. Будзе нашмат горш, калі, забраўшы ў яго планшэт, вы аддасце яго ў секцыю рэгбі.
 

Іх там няма

Калі вы прачнуліся гэтай раніцай, апошні самалёт ЗША ўжо адляцеў з Афганістана. Вывад войскаў завершаны. Разам з тым завершана і вайсковая місія па эвакуацыі мірнага насельніцтва — грамадзян ЗША, Афганістана і хаўруснікаў.

На апошніх пяці рэйсах з Кабула не было амерыканскіх грамадзян. Апошнімі афганскую зямлю пакінулі генерал Крыстафер Донах'ю і часовы павераны ў справах ЗША ў Афганістане Рос Уілсан.

У Пентагоне сказалі, што, калі яны адляталі, у аэрапорце больш не заставалася людзей, якія чакалі эвакуацыі. Але хоць іх не было ў аэрапорце, яны напэўна ёсць за яго межамі.

"З гэтым адыходам звязана шмат гора. Мы не выцягнулі ўсіх, каго хацелі", — сказаў у Пентагоне генерал Фрэнк Маккензі.

Пасля адыходу ЗША лідары групоўкі "Талібан" сабраліся на ўзлётнай паласе і заявілі: "Гэтая перамога належыць усім нам".
 

"Гадзінку пагуляеш — і спаць"

Нядаўна ў кітайскіх дзяржСМІ анлайн-гульні назвалі "духоўным опіумам". А цяпер кітайскі рэгулятар відэагульняў вырашыў дзейнічаць жорстка.

Тым, хто маладзейшы за 18 гадоў, у пятніцы, выходныя і святочныя дні дазволяць сядзець за анлайн-гульнямі не больш за гадзіну ў дзень. Пагуляць можна будзе толькі з 20:00 да 21:00. Увесь астатні час можна афіцыйна лічыць негульнявым.

Правілы рэгулявалі анлайн-гульні для дзяцей і раней. За гульнёй можна было праводзіць да паўтары гадзіны ў дзень, у святы — да трох гадзін. Цяпер гэтыя правілы здаюцца разгулам інтэрнэт-свабоды.

Кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю гульняў, павінны будуць кантраляваць выкананне правілаў.

А ці можна будзе пагуляць звыш нормы з мамінага планшэта? Здаецца, не. У ліпені кітайскі гульнявы гігант Tencent абвясціў пра ўкараненне функцыі распазнавання твараў, так што пад бацькоўскім айдзі проста так увайсці ў гульню не выйдзе.

Шануй памяць замалада, не гуляй у рэгбі

Даследчыкі ўніверсітэта Паўднёвага Уэльса пратэсціравалі прафесійную каманду па рэгбі: да пачатку сезона, у сярэдзіне сезона і пасля заканчэння сезона. Сфармуляваць іх высновы коратка можна так: хлопцы, не гуляйце ў рэгбі.

Усяго адзін сезон здольны паўплываць на кагнітыўныя функцыі мозга: памяць, здольнасць разважаць і генераваць ідэі. Сваім даследаваннем навукоўцы падзяліліся з ВВС. У ім адзначаецца: не толькі страсенне мозга, якое можа атрымаць гулец, здольнае паўплываць на яго кагнітыўныя функцыі.

Чаму навукоўцы наогул зацікавіліся памяццю гульцоў у рэгбі? Больш за дзвесце гульцоў — прафесіяналаў і аматараў — падалі пазоў у Міжнародную раду рэгбі. У некаторых з іх дактары дыягнаставалі дэменцыю на ранняй стадыі.

"Мы ведалі, што падпісваемся на зламаныя рукі, зламаныя ногі і замену каленнага сустава", — казаў адзін з гульцоў. І дадаваў: пра дэменцыю гаворка не ішла. Цяпер гульцы ў рэгбі паспрабуюць дамагчыся ўнясення змен у трэніроўкі і правілы гульні.
 

Іх норавы

У верасні супрацоўнікі штаб-кватэры Nike павінны будуць вярнуцца ў офіс. Але перад гэтым кампанія дала ім тыднёвы адпачынак, каб у іх быў час паклапаціцца пра сваё псіхічнае здароўе: год у многіх выдаўся цяжкі.

"Знайдзіце час, каб расслабіцца, правесці час са сваімі блізкімі", — сказалі персаналу.

Вы павінны ведаць яшчэ нешта: тое самае сваім работнікам ужо прапанавала кіраўніцтва кампаніі-распрацоўшчыка праграмы для знаёмстваў Bumble і сацыяльнай сеткі Linkedin. А цяпер ідзіце і раскажыце пра гэта сваім працадаўцам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі