Выказваем заклапочанасць: дзёрзкая Польшча, таннейшы газ і сабачы трэвэл-блогер
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Еўрасаюз сур'ёзна заклапочаны дзёрзкім польскім судом, затое ўжо не так моцна заклапочаны цэнамі на газ.
Польшча дзёрзкая з Бруселем
Увесну прэм'ер-міністр папрасіў Канстытуцыйны суд вырашыць, што важнейшае: Канстытуцыя Польшчы ці заканадаўства ЕС. Упершыню ў гісторыі Еўрасаюза сябра ЕС паставіў пад сумнеў усе дамовы блока.
І суд сказаў: Канстытуцыя важнейшая. І некаторыя артыкулы дамоваў ЕС не сумяшчальныя з ёй. Як разумееце, і гэта для ЕС упершыню.
Усё пачалося з таго, што Польшчу раскрытыкавалі за ўзмацненне палітычнага кантролю над судамі. У 2018 годзе кіраўнічая кааліцыя ўнесла змены ў правілы судовай сістэмы. Цяпер большасць суддзяў Канстытуцыйнага суда сімпатызуюць кіраўнічай партыі, некаторыя з іх у мінулым былі яе сябрамі, піша ВВС.
Польскія суддзі — праціўнікі гэтай сітуацыі — вырашылі апеляваць да права ЕС, каб паставіць пад сумнеў гэтыя новаўвядзенні. Тут вось прэм'ер і падаў пазоў у Канстытуцыйны суд.
Як вы думаеце, што сказаў ЕС? Не, яны пакуль яшчэ не заклапочаныя. Але ў іх "сур'ёзныя апаскі".
"Усе пастановы Еўрапейскага суда абавязковыя для ўладаў усіх дзяржаў-сябраў, уключаючы нацыянальныя суды", — сказалі ў Еўракамісіі. І дадалі, што могуць "без ваганняў" скарыстацца сваімі паўнамоцтвамі, каб гарантаваць, што так яно будзе і ў далейшым.
Якія рычагі ёсць у ЕС? На фоне гэтай гісторыі маячыць фінансаванне для Польшчы на 57 млрд еўра, якое Брусель пакуль не ўхваліў.
Газавая пятля аслабла?
Уладзімір Пуцін заявіў, што РФ гатовая стабілізаваць узрослыя цэны на энерганосьбіты. Financial Times заўважыла, што цэны на газ пасля гэтай заявы знізіліся — неўзабаве пасля таго, як дасягнулі гістарычнага максімуму.
Расію западозрылі ў тым, што яна выкарыстоўвае энергарэсурсы як зброю. Але прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў: не было такога і не будзе! Ацэнка памылковая.
А міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў параіў еўрапейцам часцей слухаць выступы Пуціна, калі пасля іх цэны на газ зніжаюцца.
Як журналісту стаць навіной
Усяго толькі атрымаць Нобеля. Сёння свет абмяркоўвае Нобелеўскую прэмію міру. Вы ўжо, безумоўна, ведаеце, што адным з лаўрэатаў стаў сузаснавальнік і рэдактар "Новой газеты" Дзмітрый Муратаў. А мы раскажам пра другога лаўрэата — філіпінскую журналістку Марыю Рэса.
Яна стала сузаснавальніцай навінавага сайта Rappler у 2012 годзе. Нобелеўскі камітэт ацаніў дзеянні журналістаў па "выкрыцці злоўжыванняў уладай, гвалту і аўтарытарызму, які расце" ў роднай краіне Рэса.
Калі журналістцы патэлефанавалі з Нобелеўскага камітэта з навіной, яна прызналася, што ёй "заняло мову".
"Я асвятляла падзеі ў гэтай краіне з 1986 года, я ніколі не была ў навінах. Адзіная прычына, з якой я сама стала навіной, у тым, што я адмаўляюся падпадаць пад ціск, я адмаўляюся пераставаць выконваць сваю працу так, як павінна", — сказала яна.
Усё жыццё — падарожжа
Мы так даўно не падарожнічалі, што нават забыліся, што можна праз гэта пакутаваць. А мы вам нагадаем! Але зробім гэта так, каб не засмуціць вас, а парадаваць.
У Стамбуле жыве сабака, які падарожнічае ўсімі магчымымі відамі транспарту. Ён ездзіць на цягніку, на пароме, на аўтобусе. І за дзень накручвае па трыццаць кіламетраў!
Як гэта высветлілі? Жывёла чыпаваная, а яшчэ ў яе ёсць свае сацсеткі. Кожны, хто бачыць сабаку, ахвотна дзеліцца здымкамі. Трэвэл-блогер паняволі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.