Выказваем заклапочанасць: ліберальныя каштоўнасці не цэняць і казка Роўлінг
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Для ўсіх, хто стаміўся ад дрэнных навін, Джаан Роўлінг напісала новую дзіцячую казку. Для ўсіх астатніх у нас ёсць свежая падборка падзей з усяго свету.
У "Нобеля" не будзе гендарных і/або этнічных квот
Гендарных квот у Нобелеўскай прэміі не будзе. Так заявіў кіраўнік Шведскай каралеўскай акадэміі навук Гёран Хансан.
З моманту заснавання прэміі ў 1901 годзе жанчынам было прысуджана толькі 59 Нобелеўскіх прэмій. Марыя Кюры стала першай жанчынай, ганараванай гэтай узнагародай. І застаецца адзінай жанчынай, якая атрымала "Нобелеўку" двойчы.
Марыя Рэса, якая атрымала Нобелеўскую прэмію міру, сёлета была адзінай жанчынай, удастоенай гэтага гонару.
У Акадэміі прызналі — так, сумна, што сярод лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі так мала жанчын. Гэта вынік несправядлівых, няроўных умоў, у якіх жылі, а часам і дагэтуль жывуць мужчыны і жанчыны. Так, яшчэ шмат чаго трэба будзе зрабіць.
Але ў Акадэміі пацвердзілі свае намеры: там хочуць, каб людзі перамагалі, таму што "зрабілі самае важнае адкрыццё".
"Мы вырашылі, што ў нас не будзе квот па поле або этнічнай прыналежнасці", — сказаў Хансан.
Байдэн папрасіў прабачэння і паплаціўся
Правыя іспанскія палітыкі не згодныя з амерыканскім лідарам Джо Байдэнам: прасіць прабачэння за гвалт над карэнным насельніцтвам у гады каланіяльнага мінулага яны не хочуць.
Байдэн у пасланні, прымеркаваным да святкавання Дня Калумба, сказаў: прыбыццё іспанцаў на гэтыя берагі прывяло да "хвалі спусташэння" для карэнных амерыканцаў. Сучасных амерыканцаў ён заклікаў не забываць пра гэтыя "ганебныя эпізоды мінулага".
У Іспаніі не ўсе згодныя з такой ацэнкай: нічога не спусташалі і нават досыць набудавалі, лічаць мясцовыя кансерватары.
"Ці павінна каралеўства Іспанія прасіць прабачэння за тое, што пяць стагоддзяў таму яно адкрыла Новы Свет, паважала тых, хто там быў, стварала ўніверсітэты, дамагалася росквіту, будавала цэлыя гарады? Я так не думаю", — сказаў лідар кансерватыўнай Народнай партыі Пабла Касада.
Лідар іспанскай крайне правай партыі Vox Сант'яга Абаскаль назваў Байдэна "вартым жалю прэзідэнтам". Іспанскія калоніі ён назваў "імперыяй правоў чалавека".
Талібы пагаварылі з Дзярждэпам
Дэлегацыя ЗША прыбыла для перамоваў у Доху на выходных. Гэта былі першыя кантакты на высокім узроўні пасля вываду войскаў з Афганістана.
Дзярждэп ЗША назваў перамовы адкрытымі і прафесійнымі. І яго прадстаўнікі зноў сказалі, што будуць ацэньваць новы ўрад талібаў не па словах, а па справах.
Талібам таксама ўсё спадабалася. Яны спадзяюцца, што перамовы паспрыяюць прызнанню новай улады з боку ЗША. А яшчэ чакаюць ад амерыканцаў гуманітарнай дапамогі.
Непераможнае войска Кіма
Кім Чэн Ын паабяцаў пабудаваць "непераможнае войска". Само сабой, не для таго, каб ваяваць, а для таго, каб абараняцца.
Такі каментар ён даў на абароннай выставе, стоячы ў атачэнні ракет. Журналісты ВВС параўноўваюць гэтую абаронную выставу з вайсковым парадам. Гэта наогул першая падобная выстава такога маштабу з тых часоў, як Кім прыйшоў да ўлады.
ДзяржСМІ Пхеньяна пішуць, што жаданне Кіма стварыць гэтае "непераможнае войска" — гэта, зразумела, вынік варожай палітыкі ЗША.
Нядаўна ў КНДР выпрабавалі новыя ракеты: па афіцыйных звестках Пхеньяна, гэта былі гіпергукавыя і зенітныя ракеты.
А яшчэ, па афіцыйных звестках, паўгода таму Кім заклікаў людзей рыхтавацца да новага "Цяжкага паходу", як у 90-е. Па неафіцыйных звестках, назваць гэта можна прасцей — да голаду.
Джаан Роўлінг зноў пачала пісаць для дзяцей
Пасля серыі пра чараўніка Гары Потэра пісьменніца Джаан Роўлінг пераключылася на дарослую літаратуру. А цяпер зноў вярнулася да дзяцей з кнігай "Каляднае парася".
Кнігу ўжо пераклалі на 35 моў. У ёй расказваецца гісторыя хлопчыка Джэка і яго ўлюбёнага цацачнага парсючка, які згубіўся напярэдадні Калядаў.
Дапамагае шукаць улюбёнага парсючка іншы парсючок: разам з Джэкам ён выпраўляецца ў падарожжа, каб выратаваць найлепшага сябра хлопчыка.
Карацей, калі дабра, справядлівасці і надзеі становіцца зусім мала, на дапамогу прыходзіць англійская дзіцячая літаратура. Або проста дзіцячая літаратура.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.