Выказваем заклапочанасць: назавіся кавід-дысідэнтам, толькі медсястру не крыўдзі

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Фэйсбук ужо адрамантавалі, і вы зноў можаце чытаць навіны сяброў. А навіны з усяго свету працягвайце чытаць у рэгулярных аглядах Еўрарадыё.
 

Напішы мне ў фэйсбуку

У Марка Цукерберга учора быў цяжкі дзень. Самі ведаеце чаму: больш за 3,5 млрд карыстальнікаў ва ўсім свеце засталіся без фэйсбука, месенджара, ватсапа і інстаграма на шэсць гадзін.

Марк ужо папрасіў прабачэння перад карыстальнікамі за збой і дадаў: няма доказаў таго, што асабістыя звесткі былі скампраметаваныя. Надалей фэйсбук пастараецца папрацаваць над сваёй інфраструктурай, каб такога незапланаванага анлайн-дэтоксу у вас больш не было.
 

Ад трубачкі да Нобелеўкі

Нобелеўскую прэмію па фізіцы 2021 года сёлета далі за вывучэнне складаных сістэм. Якіх? А вось, напрыклад, клімат. Навукоўцы стварылі камп'ютарныя мадэлі клімату Зямлі, якія могуць прадказаць уплыў глабальнага пацяплення.

Пакуль навукоўцы займаліся сваімі распрацоўкамі, эколагі Інданезіі таксама клапаціліся пра клімат. Яны за некалькі месяцаў сабралі музей пад адкрытым небам, цалкам зроблены з пластыку. Гаворка ідзе пра 10 тысяч элементаў з пластыкавых адходаў — бутэлькі, пакеты, трубачкі. Усё гэта было сабрана на пляжах, вылаўлена з рэк.

Карацей, пра тое, што прыйшоў час падумаць пра прыроду, нам крычаць ужо літаральна адусюль: і з Нобелеўскага камітэта, і з інданезійскіх пляжаў.
 

Напасці і знішчыць

Праціўнікі вакцынацыі ў адной з вёсак Гватэмалы напалі на медсясцёр, якія спрабавалі прышчапляць людзей ад каранавіруса. У выніку да перамоў давялося прыцягнуць паліцыю. Паўсотні вакцын выратаваць не ўдалося.

"Мы некалькі разоў спрабавалі растлумачыць, што вакцынацыя добраахвотная і што мы не хацелі нікога прымушаць — але яны не дазвалялі нам", — расказвае адна з медсясцёр.

Мясцовыя СМІ расказваюць пра прычыны такой рэакцыі. Кажуць, у аднаго з мясцовых жыхароў пасля дозы вакцыны "развіліся пабочныя эфекты, якія былі інтэрпрэтаваныя як праблемы са здароўем, звязаныя з уколам".

Пры гэтым колькасць выпадкаў каранавіруса ў Гватэмале пераваліла ўжо за паўмільёна.
 

Карэйская хваля

Рашэннем Оксфардскага слоўніка ў англійскай мове з'явілася 26 новых слоў — карэйскіх. Можна лічыць гэта афіцыйным прызнаннем: карэйская культура ўплывае на наша жыццё. Добра, прынамсі, на жыццё брытанцаў.

Сярод новых слоў, напрыклад, "hallyu", што азначае павышаную цікавасць да карэйскай культуры, і "кей-драма" — карэйскі тэлесерыял, а яшчэ некалькі найменняў карэйскіх страў.

Бачыце, якая гнуткая і пластычная англійская мова? А вы ўсё яшчэ спрачаецеся, ці можна жанчыну-палітолага зваць паліталагіняй, а Беларусь — Беларусіяй. Бярыце прыклад з Оксфардскага слоўніка — здавайцеся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі