Выказваем заклапочанасць: падаражэнне паранджы і засмучэнні прэзідэнтаў
Коратка пра свет / калаж Еўрарадыё
Мы сочым за светам, каб вы маглі хутка даведацца галоўныя навіны з нашага рэгулярнага агляду.
Свет працягвае шукаць вінаватага ў афганскім крызісе
Рыторыка журналістаў, якія зусім нядаўна трыумфальна аб'яўлялі Байдэна новым прэзідэнтам ЗША, крыху змянілася. Вось ужо BBC піша, што Байдэн больш не заслугоўвае павагі проста за тое, што ён не Дональд Трамп. Рэйтынг ухвалення Байдэна ўпаў ніжэй за 50%.
Байдэн неаднаразова заяўляў, што выхад Амерыкі з вайны будзе ўпарадкаваны і бяспечны, што Афганістан не падзе перад талібамі раптоўна, нагадвае BBC. Цяпер Байдэн дзень за днём сутыкаецца з неабходнасцю растлумачыць, адкуль узяўся хаос.
Байдэн запэўнівае журналістаў, што тое, што здарылася, — гэта не правал. І зноў і зноў падкрэслівае: амерыканскія мужчыны і жанчыны не павінны гінуць у краіне, дзе народ не хоча змагацца. Таму амерыканскія мужчыны і жанчыны сышлі.
І абяцаюць, што забяруць з сабой усіх афганскіх мужчын і жанчын, якія з імі працавалі, асцерагаюцца за свае жыцці і звярнуліся па спецыяльную візу. Журналісты зноў і зноў пытаюцца: дакладна забераце? Вам можна верыць? Найвышэйшыя чыны запэўніваюць: зробім усё магчымае.
Амерыканцам трэба эвакуяваць ад 10 000 да 15 000 амерыканцаў і яшчэ ад 50 000 да 65 000 афганцаў, напрыклад былых перакладчыкаў амерыканскіх Узброеных сіл.
Але кадры з аэрапорта Кабула, якія мы бачылі на гэтым тыдні, памятаюцца ярчэй, чым абяцанні адміністрацыі прэзідэнта Байдэна.
Сышоў у адной камізэльцы, а сказалі, што забраў мільёны долараў
Але мы забыліся пра іншага прэзідэнта — экс-лідара самога Афганістана. Калі Ашраф Гані пакінуў Афганістан, чуткі былі самыя розныя. Маўляў, ледзь не ўсё афганскае золата ён забраў з сабой.
Гані звярнуўся да нацыі. Расказаў, што сышоў у адной камізэльцы, а ўсё, што ўзяў з сабой у эміграцыю, — крыху адзення. Не верыце — спытайце мытнікаў, кажа прэзідэнт.
Пакінуць Кабул яму параілі ўрадавыя чыноўнікі. І Гані з'ехаў, каб пазбегнуць праліцця крыві.
"Кабул не павінен ператварацца ў яшчэ адзін Емен або Сірыю праз барацьбу за ўладу, таму я быў вымушаны з'ехаць", — сказаў Гані.
Ён не адмаўляе, што яшчэ, магчыма, вернецца дадому.
Масачку не забыліся?
Суд Сінгапура прысудзіў брытанца да шасці тыдняў турмы. Ён неаднаразова парушаў правілы паводзінаў у пандэмію, адмаўляўся насіць маску ў грамадскіх месцах. Спярша не надзеў яе ў цягніку, потым з'явіўся без маскі ў суд, а яшчэ і "выкарыстаў пагрозлівыя словы на адрас дзяржаўных службоўцаў", піша CNN.
Гэта не самая драматычная кавід-гісторыя з Сінгапура. Вось, напрыклад, у лютым суд там прысудзіў брытанца да двух тыдняў турмы. Ён уцёк са свайго гатэльнага нумара, каб сустрэцца з нявестай, і пакінуў па-за ўвагай каранцін.
Гэта, вядома, радыкальнае рашэнне праблемы кавід-дысідэнцтва. Але ўспышкі каранавіруса ў горадзе-дзяржаве не было.
А мы проста нагадваем: масачку не забудзьцеся.
Анлайн-стрымінг з дрэс-кодам
Кітайскае Міністэрства гандлю расказала, як бачыць дрэс-код вядоўцаў, якія прадаюць тавары на анлайн-платформах.
Гаворка пра своеасаблівую анлайнавую "краму на канапе". У розных папулярных у Кітаі мабільных праграмах праводзяцца анлайн-трансляцыі. Прадавец — ці запрошаны для рэкламы чалавек — у жывым эфіры расказвае пра тое, які цудоўны тавар, прымярае яго, ладзіць розыгрышы, каб прыцягнуць як мага больш аўдыторыі.
У кожны момант прагляду такой трансляцыі можна проста націснуць на кнопку і купіць упадабаны тавар. Аналаг старога добрага "тэлефануйце проста зараз і атрымаеце за паўцаны".
Усё гэта стала асабліва папулярным у канцы 2019 года. Так, рэч, вядома, у пандэміі. Паходаў у крамы стала менш, засталіся электронныя крамы.
Растлумачым, наколькі гэта папулярна: у самай папулярнай пляцоўкі Taobao Live аўдыторыя — больш за 600 млн чалавек.
Цяпер чыноўнікі хочуць упарадкаваць усё гэта.
"Калі вядоўца вядзе жывую трансляцыю, яго ці яе адзенне і імідж не павінны парушаць грамадскі парадак або маральнасць", — прапануе кітайскае Мінгандлю.
А яшчэ знешні выгляд інфлюэнсераў павінен адлюстроўваць "характарыстыкі прадуктаў ці паслуг, якія яны прадаюць".
Усё гэта — не дзеля кантролю, а каб стварыць на пляцоўках электроннай камерцыі камфортнае для спажыўцоў асяроддзе. Гаварыць у час трансляцыі трэба на мандарынскай мове, а яшчэ быць "аб'ектыўным і сумленным" адносна прадуктаў, якія прадаеш.
Такім чынам, міністэрства кажа, што яно дбае выключна пра тое, каб спажыўцам было камфортна жыць у гэтым анлайн-асяроддзі. Апаненты мяркуюць, што гэта частка вялікага плана кіраўнічай Камуністычнай партыі, якая ўжо дзялілася ідэямі, як узмацніць рэгуляцыйны нагляд за кампаніямі ў наступнай пяцігодцы.
Паранджа падаражэла
А ў Афганістане падаражэла паранджа. У 10 разоў.
ТАСС са спасылкай на іранскае агенцтва ISNA піша, што афганкі ўпэўненыя: талібы прымусяць іх неадкладна апрануцца ў гэтае адзенне.
"Талібы нечакана для ўсіх узялі ўладу ў Кабуле. Усе думалі, што Кабул зможа супраціўляцца на працягу года або больш. Паранджа — рэдкасць. У мяне ёсць адна ці дзве паранджы на трох жанчын у сям'і. Магчыма, замест гэтага мы сшыем з прасціны які-небудзь хіджаб", — расказала агенцтву адна з мясцовых жыхарак.
Праўда, раней прадстаўнік "Талібана" Сахейл Шахін аб'яўляў, што абавязковым будзе нашэнне хіджаба, але не паранджы.
Многія баяцца таго дня, калі свет перастане пільна сачыць за падзеямі ў Афганістане — як тады павядуць сябе талібы? Таму будзем працягваць сачыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.