Выказваем заклапочанасць: столік Роўлінг, пусты бак Раналду і адзін генерал
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Сёння сусветныя СМІ пісалі пра такія дзіўныя навіны, што мы, безумоўна, адчуваем патрэбу вам іх пераказаць.
Генерал, што вы сабе дазваляеце!
Эпоха Дональда Трампа — гэта кнігі. Не ў тым сэнсе, што Трамп неяк асабліва заахвочваў літаратуру або іншыя віды мастацтваў. Проста 45-ы прэзідэнт многіх натхніў на публікацыю кнігі, Вось і рэдактар выдання Washington Post Боб Вудварт таксама вырашыў, што ў газеце ўсяго не перакажаш.
Так у Амерыцы выйшла ягоная кніга "Пагроза", з якой мы даведаліся, што амерыканскі генерал Мілі тэлефанаваў свайму кітайскаму калегу. Скандал у тым, што ён абяцаў папярэдзіць, калі Штаты раптам захочуць атакаваць Кітай. Гэта значыць, калі пачнецца вайна.
Пасля гэтага многія рэспубліканцы-кангрэсмены запатрабавалі адстаўкі генерала.
Мілі пацвердзіў: ён праўда тэлефанаваў у Кітай свайму калегу генералу Лі ў кастрычніку 2020 года і ў студзені 2021-га. І растлумачыў: даклады разведкі паказвалі, што КНР памылкова лічыла, быццам ЗША рыхтуюцца да вайны. Час заканчэння кіравання Трампа быў вельмі нестабільны.
— Я сказаў: "Генерал Лі, вайны не будзе, не будзе нападу адной вялікай дзяржавы на другую"... Я сказаў: "Каб на яго ліха, генерал Лі, я, напэўна, вам патэлефаную, але мы не збіраемся вас атакаваць. Паверце мне".
Цяпер хаця б становіцца зразумела, чаму Байдэн, нягледзячы на інфармацыю пра званок, сказаў, што давярае генералу.
Талібам на заметку
Упершыню ў гісторыі Туніса ўрад узначаліла жанчына — Наджла Будэн Рамдхан.
Факт цікавы, але мы не сталі б пісаць пра яго, калі б яго нельга было трактаваць шырэй. На самай справе гэта наогул першы выпадак, калі жанчына ўзначаліла ўрад у краіне арабскага свету.
Праўда, усё гэта адбываецца на фоне палітычнага і эканамічнага крызісу. У ліпені прэзідэнт зрынуў урад — таго патрабавалі пратэстоўцы — і замарозіў дзейнасць парламента. Новы ўрад, які ўзначаліць Рамдхан, будзе падсправаздачны прэзідэнту, роля прэм'ера не такая значная, як раней.
Увогуле, прызначэнне жанчыны кіраўніком урада — гэта, вядома, добра. Але крызісу не вырашае.
З "бэнтлі" пад дажджом
Кіроўца футбаліста Раналду сем гадзін прастаяў у чарзе ў спробе заправіць "бэнтлі" футбаліста. Раналду на ўсялякі выпадак адправіў яшчэ аднаго супрацоўніка сваёй службы бяспекі заправіць другую машыну — Range Rover. Ішоў дождж, кіроўцы працягвалі чакаць. Але ў выніку абодва аўто паехалі пустымі.
У Вялікабрытаніі так і не вырашылася паліўная праблема. Прычым праблема нават не ў самім паліве — у краіне проста не стае кіроўцаў цыстэрнаў. Прычына — і "брэксіт", і пандэмія, і недастаткова добрыя ўмовы працы.
Але выглядае на тое, што цяпер гэта зменіцца. Збоку ўжо здаецца, што цяпер у Брытаніі кіроўцам цыстэрны быць круцей, чым кіроўцам Раналду.
Чыстае чараўніцтва
У шатландскай кавярні, у якой Джаан Роўлінг у 90-х пісала першыя раздзелы гісторыі пра Гары Потэра, здарыўся пажар. Але столік Роўлінг ацалеў!
Уладальнік знайшоў яго сярод абломкаў. Ён пашкоджаны вадой і дымам, але ўсё ж цэлы. А значыць, аднойчы аматары гэтай кніжнай серыі зноў змогуць там сфатаграфавацца.
Сама Роўлінг у кавярню ўжо не заходзіць. Нядаўна яна расказала, як сустрэла ўладальніка кавярні і ён паскардзіўся: "А вы да нас больш не заходзіце".
Але не таму, што пісьменніца зазналася: месца занадта падабаецца турыстам, так што проста прыходзіць і пісаць там ужо нельга. Добра, што хоць столік уладальнік кавярні здолеў выратаваць — не зазірае Роўлінг, дык хоць турысты зазірнуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.