Выказваем заклапочанасць: сёння мы вырашылі ўзяць ад свету толькі добрае

Коратка пра навіны свету. Сёння толькі пра добрыя / Еўрарадыё
Коратка пра навіны свету. Сёння толькі пра добрыя / Еўрарадыё

Сёння мы вырашылі не ўключаць у гэты агляд дрэнных навін. Іх досыць і ў свеце, і ў Беларусі. Але ад свету мы возьмем найлепшае.

Так-так, эскапізм і нічога больш.

 

Усё вернецца, нават пахі

Прынамсі, навукоўцы паспрабуюць з гэтым дапамагчы і ўжо выпрабоўваюць назальныя кроплі з вітамінам А. Выпрабаванні праводзіць універсітэт Усходняй Англіі. Яны зоймуць 12 тыдняў.

Мяркуецца, што кроплі вернуць нюх тым, хто яго страціў, і "паправяць" насы тым, у каго нюх пасля каранавіруса змяніўся.

Ці дапамог вітамін аднавіць пашкоджаныя нервы, пакажа сканаванне мозга.

Для многіх страта нюху стала сапраўднай праблемай. Тыя, хто вырашыў тэрмінова аднавіць яго з дапамогай вітаміна А, павінны быць у курсе: занадта вялікая яго колькасць можа быць шкодная.

 

Цяжкасці перакладу

Прэс-сакратарка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стэфані Грышам напісала кнігу. І ў ёй расказала пра прыгожую перакладчыцу Уладзіміра Пуціна. Але дадала трохі інтрыг і змовы.

Перакладчыца, якая так уразіла амерыканцаў, прысутнічала на сустрэчы Пуціна і Трампа ў 2019 годзе. І сваёй прыгажосцю, здаецца, уразіла амерыканскую дэлегацыю.

Калі пачалася сустрэча, успамінае Грышам, дарадца Фіёна Хіл нахілілася да яе і спытала, ці заўважыла яна "перакладчыцу Пуціна, якая была прывабнай брунеткай з доўгімі валасамі, сімпатычным тварам і ашаламляльнай фігурай".

"Потым яна сказала мне, што падазрае, што Пуцін выбраў жанчыну спецыяльна, каб адцягнуць увагу нашага прэзідэнта", — дзеліцца меркаваннямі Грышам.

Цікава, а што магло б адцягнуць увагу самога Уладзіміра Пуціна на перамовах па інтэграцыі?

 

Часам лепш спазніцца

Неяк група дацкіх хіпі вырашыла адправіцца на прэс-канферэнцыю да Джона Ленана і Ёка Она. Але яны спазніліся: у дарозе іх заспела снежная бура.

Калі яны дабраліся да месца, прэс-канферэнцыя скончылася, але Ленан пагадзіўся пагутарыць з хлопцамі і дзяўчатамі і яшчэ некалькімі журналістамі, якія спазніліся. І нават праспяваў песню, якая была запісаная як музычная тэма для радыёстанцыі.

Радыёстанцыю так і не запусцілі, так што адзінае месца, дзе існуе гэтая песня, — касета аднаго з тых юных журналістаў. У нейкі момант ён зразумеў, што ў яго на касеце — па-сапраўднаму залаты запіс, і паклаў яе ў банкаўскую ячэйку.

А цяпер прадаў на аўкцыёне за 58 тысяч долараў. Вось ужо сапраўды прэс-канферэнцыя, на якую варта было спазніцца.

 

Святло ў канцы чырвонай дарожкі

Дэніэл Крэйг апошні раз Джэймс Бонд. І прэм'ера фільма ў Брытаніі выйшла па-сапраўднаму каралеўскай. Мала таго, што яна прайшла ў Альберт-Холе — Лонданскім каралеўскім зале мастацтваў і навукі. Дык яшчэ і каралеўскія асобы прыйшлі паглядзець фільм аднымі з першых.

Так, у свеце шмат бед, але сусветныя СМІ ўсё роўна разгледзелі ў гэтым тунэлі святло. Аказалася, што гэта свеціцца на дывановай дарожцы герцагіня Кембрыджская — яна ж Кейт Мідлтан. І цяпер усе абмяркоўваюць яе залатую сукенку.

Але лепш такое святло ў канцы тунэля, чым ніякага! Дарэчы, кажуць, што новы "Бонд" ну проста неймаверны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі