Выказваем заклапочанасць: у КНДР зноў знайшлі грошы на ракеты

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Нямецкі суд вельмі настойлівы: 96-гадовая машыністка каменданта канцлагера ўцякла з дома састарэлых, але яе ўсё роўна дапытаюць. І Кім Чэн Ын вельмі настойлівы: санкцыі ўжо жорсткія аж няма куды больш, а ён чацвёрты раз за месяц выпрабоўвае новую ракету.

Але самая настойлівая на ўсёй міжнароднай арэне — прынцэса Японіі. Яна чатыры гады чакала вяселля са сваім аднакурснікам — і пасля ўсіх хваляванняў вось-вось выйдзе замуж. Дзеля гэтага вяселля яна адмовіцца ад кароны.
 

Судзяць 96-гадовую машыністку каменданта канцлагера

Калі 96-гадовая Ірмгард Фурхнэр была непаўналетняя, яна працавала машыністкай нацысцкага канцлагера "Штутгоф" недалёка ад Гданьска. Апошнія пяць гадоў вялося следства, а цяпер Фурхнэр плануюць прад'явіць абвінавачанне ў саўдзеле ў забойствах.

У 1954 годзе яна прымала ўдзел у судзе над камендантам лагера Паўлем-Вернэрам Хопэ. Тады яна расказвала, што Хопэ дыктаваў ёй паведамленні, але пра нацысцкія забойствы ў Штутгофе ёй было невядома. Але абвінавачванне мяркуе, што за два гады да заканчэння вайны Фурхнэр ведала, што адбываецца ў канцлагеры.

Але ў дзень, калі павінны былі зачытаць абвінавачанні, жанчына выйшла з дома састарэлых, узяла таксі і паехала ў Гамбург. Там яе затрымалі на вуліцы. Цяпер 96-гадовая Фурхнэр знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Месца судовага пасяджэння давялося змяніць: цяпер цікавасць СМІ да яго вышэйшая, давялося знайсці большую залу.


Ці працуюць санкцыі

Беларусь не адзіная краіна, якая рэгулярна задаецца гэтым пытаннем. Ёсць жа яшчэ Паўночная Карэя! Якая працягвае, прыціснутая санкцыямі, выпрабоўваць ракеты.

Гэта ўжо чацвёртае выпрабаванне зброі менш чым за месяц. Пры тым што ва ўмовах ізаляцыі, выкліканай і санкцыямі, і пандэміяй, з фінансамі ў КНДР усё не вельмі добра.

Цікава, што выпрабаванні правялі на наступны дзень пасля сімвалічнай "аліўкавай галіны", кінутай Поўдню: Пхеньян вырашыў наладзіць разбураную год таму лінію сувязі паміж краінамі.

КНДР заяўляе, што яе зброя неабходная для самаабароны, і абвінавачвае ЗША і Паўднёвую Карэю, якія выказваюць занепакоенасць выпрабаваннямі, у "падвойных стандартах".

Калі ты рокетмен (памятаеце, так назваў Кім Чэн Ына Дональд Трамп у цукерачна-букетны перыяд наладжвання адносін?), то грошы на ракеты заўсёды знойдзеш.

"Апошнія выпрабаванні разглядаюцца як відавочная прыкмета таго, што Пхеньян не мае намеру запавольваць распрацоўку ўзбраенняў, нягледзячы на строгія санкцыі", — піша CNN.
 

У Расіі першае за 100 гадоў каралеўскае вяселле

Вяселле ўжо назвалі галоўнай свецкай падзеяй сезона. Пра яе пішуць не толькі мясцовыя выданні, зацікавілася падзеяй і далёкая амерыканская CNN.

Спадчыннік дома Раманавых — Георгій Раманаў — у Ісакіеўскім саборы сёння браў шлюб са сваёй італьянскай нявестай.

Георгій Міхайлавіч і Рэбэка Бетарыні абвянчаліся ў прысутнасці некалькіх сотняў гасцей, сярод якіх паўсотні прадстаўнікоў каралеўскіх дынастый.

Вялікі князь — увогуле ён жыве ў Францыі — не адмаўляе, што такі спіс гасцей можа дапамагчы Расіі наладзіць адносіны з Еўропай.

— Я думаю, абавязкова павінны быць такія масты, нягледзячы на палітыку, каб абысці ўсе гэтыя праблемы. Я думаю, што мы можам быць пасламі добрай волі, не як палітыкі, але можам разам працаваць у сацыяльна-культурна-гістарычным досведзе.


Каханне важнейшае за карону

І яшчэ адна каралеўская навіна, якую Японія прыхавала для таго, каб з ёй вы пайшлі на выходныя. Каханне ўсё ж перамагло: прынцэса Мака выходзіць замуж за свайго былога аднакурсніка — простага чалавека. Цяпер ён працуе юрыстам у ЗША.

У Японіі многія напэўна сказалі: ну нарэшце! Бо першапачаткова вяселле павінна было адбыцца ў 2018 годзе. З'явіліся чуткі, што ў маці жаніха фінансавыя праблемы, але палац адмаўляў, што гэта стала прычынай адкладання цырымоній.

Як бы там ні было, каханне перамагло. Прынцэса Мака, выйшаўшы замуж, пазбавіцца тытула. Яна магла б атрымаць ад палаца аднаразовую выплату — каля 1,3 млн долараў, але кажуць, плануе ад яе адмовіцца. А яшчэ ад абрадаў, якімі звычайна суправаджаецца каралеўскае вяселле.

Калі гэта і праўда здарыцца, то Мака стане першай японскай прынцэсай, якая прыняла такое рашэнне. А навошта ёй, уласна, 1,3 млн долараў? Прынцэса вось-вось атрымае ўсё, што ёй трэба. З такой сапраўды дыснееўскай гісторыяй можна ісці ў выходныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі