Вынікі ўчорашніх матчаў футбольнай Лігі чэмпіёнаў (відэа)

Восем матчаў групавога раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў прайшлі ў аўторак, 9 снежня. Яны вызначылі яшчэ некалькі ўдзельнікаў плэй-оф, цяпер іх восем — французскі "Манака", нямецкія "Баер" і "Барусія" (Дортмунд), англійскі "Арсенал", італьянскі "Ювентус", іспанскія "Рэал" і "Атлетыка", швейцарскі "Базэль".

У групе А "Ювентус" згуляў унічыю 0:0 з "Атлетыка". "Алімпіякос" з Грэцыі выйграў у шведскага "Мальме" — 4:2.
Выніковая турнірная табліца выглядае так: "Атлетыка" — 13 ачкоў, "Ювентус" — 10, "Алімпіякос" — 9, "Мальме" — 3.

У групе В "Ліверпуль" на сваім полі згуляў унічыю 1:1 з "Базэлем". У выніку англійскі клуб, які ў бягучым сезоне перажывае крызіс, не прабіўся ў плэй-оф. Мадрыдскі "Рэал" разграміў "Лудагорац" — 4:0 (адзін з галоў на рахунку Раналду, ён яго правёў з пенальці). "Рэал" набраў 18 ачкоў, выйграны ўсе 6 матчаў, забіта 16 мячоў, прапушчана толькі 2. "Базэль" набраў 7 ачкоў, "Ліверпуль" — 5, "Лудагорац" — 4.

У групе С піцерскі "Зеніт" прайграў у гасцях "Манака" — 0:2, "Бенфіка" і "Баер" згулялі ўнічыю 0:0. У выніку першыя два месцы ў групе занялі "Манака" (11 ачкоў) і "Баер" (10), у "Зеніта" толькі 7 ачкоў і трэцяе месца, на чацвёртым "Бенфіка" (5).

У групе D турэцкі "Галатасарай" прайграў дома лонданскаму "Арсеналу" — 1:4. Дортмундская "Барусія" згуляла ўнічыю 1:1 з бельгійскім "Андэрлехтам". У выніку "Барусія" і "Арсенал" набралі па 13 ачкоў. У "Андэрлехта" 6 ачкоў, у "Галатасарая" — 1.

10 снежня адбудуцца наступныя матчы групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў: "Рома" — "Манчэстар Сіці", "Баварыя" — ЦСКА, "Барселона" — ПСЖ, "Аякс" — АПОЭЛ, "Чэлсі" — "Спортынг", "Марыбор" — "Шальке-04", "Порту" — "Шахцёр" (Данецк), "Атлетык" — БАТЭ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі