Выведка: у Нароўлі расіяне адкрылі кірмаш, дзе гандлююць нарабаваным ва Украіне
Вайсковец цягне тэлевізар / dnepr.express
У горадзе Нароўля Гомельскай вобласці расійскія вайскоўцы гандлююць нарабаваным ва Украіне, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны. Для гэтага расіяне абсталявалі адмысловы кірмаш. На ім можна купіць пральныя і посудамыйныя машыны, лядоўні, каштоўнасці, аўтамабілі, ровары, посуд, творы мастацтва, касметыку, дзіцячыя цацкі.
Акрамя таго, сцвярджае ўкраінская выведка, расіяне спрабуюць прадаваць скрадзеныя долары і еўра мясцоваму насельніцтву. Але з-за сёлетніх валютных абмежаванняў беларусы нібыта адмаўляюцца ад абменных аперацый і прапануюць вайсковым гасцям звяртацца ў банкі. Тыя не згаджаюцца з прычыны забароны камандзіраў.
Паводле звестак выведкі, расійскім войскам наладжана цэлая цэнтралізаваная сістэма пастаўкі "марадзёрскага" тавару на нараўлянскі кірмаш. Калоны грузавікоў з нарабаваным адпраўляюцца з горада Бурынь Сумской вобласці.
Таксама, згодна з выведкай, расійскія ваенныя КамАЗы з Украіны прыбываюць у Мазыр, дзе вайскоўцы разгружаюць пакеты з рэчамі, а затым адпраўляюць іх у Расію службай экспрэс-дастаўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.