Вызвалены з СІЗА КДБ Алесін заявіў, што яго падставілі
Журналіст знаходзіўся за кратамі з 25 лістапада. Яго абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежнай разведкай.
Раніцай 10 снежня з СІЗА КДБ быў вызвалены журналіст газеты "Белорусы и рынок", ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін. У каментары Радыё Свабода ён паведаміў, што з яго знятае абвінавачванне ў "здрадзе дзяржаве", цяпер яго абвінавачваюць толькі ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі (арт. 356). Крымінальным кодэксам прадугледжанае больш мяккае пакаранне (ад 6 месяцаў да 2 гадоў пазбаўлення волі), таму яго і выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Алесін удакладніў дату свайго затрымання — 25 лістапада. Іншыя падрабязнасці ён не змог распавесці, паколькі даў падпіску аб неразгалошванні.
"Я вам магу сказаць адно, гэта чысцейшай вады падстава", — сказаў Аляксандр Алесін у інтэрв'ю парталу tut.by. Ён удакладніў, што мае здагадкі, хто мог яго падставіць, але пакуль гаварыць пра гэта не можа. У каментары Радыё Свабода Алесін удакладніў, што лічыць гэта падставай з боку тых, з кім супрацоўнічаў. Ён падкрэсліў, што "нічога незаконнага не рабіў, браў інфармацыю з адкрытых крыніц".
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разам з Аляксандрам Алесіным у мінскай кавярні супрацоўнікі КДБ затрымалі дыпламата адной з еўрапейскіх краін. У апошняга знайшлі нейкія сакрэтныя дакументы і следчыя высвятлялі, ці не перадаваў іх яму журналіст. Алесін гэтую інфармацыю не пацвердзіў, але і не абверг. Сказаў толькі, што "гэта блізка да ісціны".
Як паведаміў Еўрарадыё галоўны рэдактар газеты "Белорусы и рынок" Вячаслаў Хадасоўскі, Алесін адпачне некалькі дзён, а ў панядзелак ужо будзе на працы. Ён мяркуе, што на гэтым "інцыдэнт вычарпаны і ўсё скончыцца". Алесін таксама кажа, што перанёс "невялікі стрэс" і збіраецца адпачыць, сустрэцца са сваякамі.