"Я развучыўся плакаць". Беларус Андрэй Гнёт — пра сем месяцаў у сербскай турме
Беларус правёў у сербскай турме больш за 7 месяцаў
У кастрычніку 2023 года беларускага рэжысёра і сузаснавальніка "Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY" Андрэя Гнёта затрымалі ў Сербіі на запыт беларускіх уладаў. Сербскі суд, не асабліва разбіраючыся, прыняў рашэнне аб яго экстрадыцыі. Але беларус аспрэчыў гэтае рашэнне і пасля сямі месяцаў турмы выйшаў пад хатні арышт.
Еўрарадыё пагутарыла з Гнётам пра шок пасля затрымання, мясарубку ў сербскай турме, праблемы са здароўем і барацьбу за адмену экстрадыцыі ў Беларусь.
— Андрэй, што вы цяпер адчуваеце?
— Давайце так. Гэта ўсё, вядома, лірыка. Вядома, я адчуваю ўздым і адухаўленне. Але сем месяцаў і шэсць дзён, якія я правёў за кратамі, навучылі мяне не адчуваць, а змагацца. Тым больш, у маім серыяле пачаўся другі сезон, які будзе яшчэ больш непрадказальны і жорсткі. Ён можа скончыцца альбо вельмі дрэнна, альбо вельмі добра. Іншых варыянтаў няма. Я дачыняюся з журналістамі, з адвакатамі, з палітыкамі, бо ў цяперашні момант для мяне важная, як паветра, дапамога: медыйная, палітычная. Толькі гэта можа захаваць маё жыццё.
— Адмотваючы падзеі на восень мінулага года і прылёт у Сербію — вы чакалі, што тут вас могуць затрымаць?
— Я прыляцеў у Сербію на запрашэнне прадакшна для здымак вялікага міжнароднага праекта для Tele2 — гэта вядомая ва ўсім свеце тэлекамунікацыйная карпарацыя. Разам са мной у розны час на гэтыя здымкі прыляцелі дзясяткі людзей — спецыялістаў спецыяльна для гэтага праекта. І з усіх гэтых людзей затрымалі толькі мяне. Вядома, гэта быў крах для праекта. Ну і, безумоўна, гэта быў неймаверны ўдар для мяне.
Буду шчыры — небяспека для беларусаў ёсць цяпер у дзясятках краін свету, гэта не толькі Сербія. Гэта Турцыя, гэта нават такія краіны Еўрасаюза, як Венгрыя. Усе краіны постсавецкай прасторы. Калі мы возьмем Арменію, Азербайджан, Таджыкістан, Казахстан, Грузію — усюды ў беларусаў ёсць гіганцкая імавернасць быць затрыманымі. Гэтую небяспеку я ўсведамляў. Аднак не было ніякіх перадумоваў для таго, што ўсё павернецца менавіта такім чынам.
— Як развівалася гісторыя пасля таго, як вас затрымалі ў аэрапорце?
— Я каля 8 гадзінаў знаходзіўся ў аэрапорце ў цесным пакойчыку з мігрантамі ў незразумелым для мяне статусе. Мне ніхто не тлумачыў, што адбылося. Мне нават не пацвердзілі, што я затрыманы або арыштаваны. Я неаднаразова задаваў гэтае пытанне паліцыянтам, але ніхто не адказваў. Больш за тое, мне нават не давалі вады. Але, на шчасце, у мяне не забралі тэлефон, хоць спробы яго адабраць былі.
Я пачаў казаць, што "вы не маеце права гэтага рабіць, я журналіст". Імаверна, таму, што я быў адзіным еўрапейскім чалавекам у гэтым пакойчыку з мігрантамі, паліцыя не моцна мяне чапала. Пры мне збівалі мігрантаў, мабыць, каб мяне запалохаць. І сапраўды было страшна. Бо калі б'юць людзей і людзі моляць аб дапамозе, а вы нічога не можаце зрабіць, гэта жудасна.
Я быў у татальным няведанні, што адбываецца. У такім жа стане мяне адвезлі ў паліцыю. Сказалі, што ўсё растлумачаць потым, хоць я задаваў мільён пытанняў. Было разуменне, што справа нячыстая.
Я выдатна разумеў, што рэжым палюе на мяне. Але я не ведаў, што ён робіць гэта так актыўна і гатовы пайсці на такія беспрэцэдэнтныя меры, як падаць мяне ў вышук у Інтэрпол. Пра гэта я даведаўся, толькі калі мяне прывезлі ўначы ў суд, дзе мне мімаходам паказалі раздрукоўку з мінскага офіса Інтэрпола. Я паспеў яе прачытаць адзін раз, мне далі літаральна хвіліну, пасля чаго забралі гэтую паперку з рук. То-бок мне далі проста азнаёміцца з гэтым дакументам, дзе было сказана, што на мяне заведзеная крымінальная справа паводле практычна народнага артыкула КК 243 "Ухіленне ад выплаты падаткаў".
Гэты артыкул прыпісваюць усім палітычным актывістам. Ён ёсць у праваабаронцы Алеся Бяляцкага і шмат каго яшчэ. Вы лепш за мяне гэта ведаеце. Калі я ўбачыў гэты артыкул, мне адразу ўсё стала зразумела — гэта палітычная гісторыя. Паколькі праз Інтэрпол Беларусь не можа пераследаваць палітычных актывістаў з палітычных прычынаў, супраць іх фабрыкуюць крымінальныя справы.
— У размове з Deutsche Welle вы расказвалі, што суд над вамі праходзіў ноччу, а суддзя адмахвалася ад аргументаў, чаму вас варта вызваліць. Як вам здаецца, гэта была карупцыя з боку сербскіх уладаў або звычайная халатнасць у разглядзе справы?
— Глядзіце, я магу з 99%-й упэўненасцю сцвярджаць, што гэта была не карупцыя. Гэта была, па-першае, абсалютная абыякавасць і, па-другое, абсалютная некампетэнтнасць у плане валодання сітуацыяй у Беларусі. Суддзя зусім не ведала, што ў нас адбывалася ў 2020 годзе, не ведала пра палітычны крызіс і рэпрэсіі. Яна лічыла, што Беларусь наогул ледзь не член Еўрасаюза, і нават не ведала, што ў нас па-ранейшаму ёсць КДБ. Ёй здавалася, што гэта проста фігура мовы.
Адпаведна, усе мае аргументы гучалі для яе як нейкая фантазія. У яе вачах я сапраўды быў злачынцам, які хаваецца ад падаткаў. Я не адчуў ніякай эмпатыі, не ўбачыў ніякай спробы разабрацца ў сітуацыі.
— Калі вас асудзілі і вы апынуліся ў турме, у якіх умовах вы ўтрымліваліся?
— Мяне адвезлі не ў нейкі следчы ізалятар, а ў самую сапраўдную турму "Цэнтральны затвор". Гэта галоўная турма Бялграда, самая буйная турма ў былой Югаславіі. Яна была пабудаваная яшчэ ў югаслаўскія камуністычныя часы, у 1956 годзе паводле савецкіх жудасных праектаў. На шчасце, некалькі блокаў гэтай турмы былі пераабсталяваныя пад больш чалавечыя ўмовы ўтрымання. Тэхнічна ўмовы ўтрымання там былі нармальнымі. Я маю на ўвазе падлогу, столь, ложак і г. д.
Першыя суткі я правёў у так званым каранціне. Дарэчы, я расказваю пра гэта ўпершыню. Каранцін — гэта такі асобны блок, куды змяшчаюць зняволеных, калі прывозяць у турму. У адной камеры могуць апынуцца і наркаманы з ломкай, і псіхічна хворыя людзі, і забойцы, і самазабойцы. То-бок, гэта проста такая мясарубка.
Гэта вельмі брудная камера. Да чаго ні дакранешся, на руках застаюцца брудныя сляды. За 12 гадзінаў, што я быў у гэтай камеры, у мяне рукі зрабіліся чорнымі ад бруду, бо ўсё вельмі бруднае. Гэта разбіты туалет у асобным памяшканні з дзвярыма. Ну, хоць бы не проста дзірка ў падлозе, як у нас у Жодзіне. Але ў памяшканні на шэсць чалавек — поўная антысанітарыя. Ніхто не размаўляе па-англійску, усе кураць, гэта не забаронена.
І што больш за ўсё ўразіла — мне выдалі талерку, лыжку, але не выдалі кубка або шклянкі. І калі прыйшлі раздаваць абед, я спытаў, ці можна папрасіць кубак, напрыклад, аднаразовы, бо ўбачыў, што зняволеныя п'юць з нейкіх кубкаў. Мне адмовілі, прапанаваўшы піць з рук. Я паказаў свае далоні, якія былі чорныя ад бруду. Паліцыянт паціснуў плячыма і сказаў, што нічым не можа дапамагчы. І я піў ваду з крана, наліваючы яе ў талерку.
Я ведаю, гэта не самыя страшныя ўмовы ўтрымання. І я нават не хачу параўноўваць іх з умовамі ў беларускіх ізалятарах. Але ўсё ж давайце раздзяляць сітуацыі. Сербія — гэта цэнтр Еўропы. Гэтая краіна ў 2012 годзе падала заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз і з'яўляецца чальцом Савета Еўропы. Гэта варта абавязкова ўлічваць. Вядома, у сербскай турме не павінна быць так, як у беларускай.
Праз суткі мяне перавялі ў іншую камеру, у блок, які турэмшчыкі называлі "Хілтан". Усяго ў турме пяць блокаў, і ў кожным сітуацыя сур'ёзна адрозніваецца. Я трапіў, на шчасце, у найлепшы, дзе быў адносна свежы рамонт. У камеры на 10 квадратных метраў былі чатыры чалавекі.
Умовы ўтрымання тут былі тэхнічна прымальныя. Але гэта былі турэмныя, вельмі жорсткія правілы, з вельмі жорсткай дысцыплінай, з абсалютнай ізаляцыяй. Нас выводзілі гуляць на дзве гадзіны ў дзень, але насамрэч менш — паліцыянты заўсёды гэты час скарачалі. Практычна не было візітаў, бо візіты ў турму дазволеныя блізкім сваякам, а блізкіх сваякоў у мяне няма. Ці, напрыклад, у сербскіх і чарнагорскіх злачынцаў былі адкрытыя наведванні сваякоў практычна штотыдзень. А мне суддзя дазволіла толькі закрытае наведванне. Гэта наведванне за шклом з тэлефоннай слухаўкай — як у амерыканскіх фільмах. І толькі адна мая сяброўка наведвала мяне некалькі разоў. Але 29 снежня яна пакінула Бялград. З гэтага часу ў турме мяне ніхто не наведваў.
— Якая была меддапамога ў турме?
— Для таго, каб атрымаць элементарную медыцынскую дапамогу, самую прымітыўную, неабходна было стукацца праз паліцыянтаў у зачыненыя дзверы, пісаць зварот толькі на сербскай мове.
І ты не ведаеш потым, што з гэтай паперкай адбываецца. То-бок трапляе яна ў рукі да доктара ці не. Напрыклад, цягам траўня я напісаў 10 аднатыпных зваротаў, каб мне далі болепатольны сродак. І толькі на 11-ы раз мне выдалі рэцэпт. Я амаль месяц змагаўся проста за тое, каб атрымаць рэцэпт, каб яго перадаць адвакатам, якія купілі лекі ў аптэцы. І толькі адзін раз на тыдзень гэты прэпарат можна перадаць у турму.
Іначай ніяк. У турме медыцынская дапамога абсалютна адсутнічае, яна наладжаная жахлівым чынам. Калі я скардзіўся на стан здароўя, турэмная адміністрацыя ў адзін з дзён сілком у мяне ўзяла кроў. Я не ведаю навошта, я быў супраць таго, каб у мяне бралі кроў проста так. Я хацеў пагаварыць з доктарам. Мне сказалі, што калі я буду выкручвацца, да мяне прыменяць фізічную сілу. Шчыра вам скажу: гэта непрыемнае адчуванне, якое можна параўнаць з фізічным гвалтам або са згвалтаваннем.
Але зноў жа, гэта не самае страшнае, гэта ўсё можна вытрымаць. А вось поўная ізаляцыя, інфармацыйны вакуум — гэта цяжэйшае за ўсё. Падобнае, мабыць, адчуваюць зняволеныя, якіх змяшчаюць у карцар або ў аднамесную камеру. Хоць я, прызнаюся шчыра, пасля сямі месяцаў быў гатовы на аднамесную камеру, бо ў адзіноце можна захаваць свой фізічны і псіхалагічны стан значна лепш, чым у асяроддзі, у якое я трапіў. А я трапіў у асяроддзі злачынцаў-рэцыдывістаў, якія апынуліся ў турме другі ці трэці раз, падазраюцца ў асабліва цяжкіх і асабліва небяспечных злачынствах. Я быў у такім асяроддзі.
— За сем месяцаў зняволення вы фіксавалі спробы рэжыму да вас дабрацца? Ці былі спробы зладзіць экстрадыцыю?
— Безумоўна. Гэта зусім дзіўная сітуацыя. У снежні 2023 года Сербія пачала першую спробу маёй прамой экстрадыцыі. Мне прыйшло паведамленне з суда, што адбылося судовае пасяджэнне, на якім павінна было вырашыцца, магу я быць экстрадаваны ў Беларусь ці не.
Суд вынес станоўчае рашэнне, і Сербія не бачыла для гэтага ніякіх перашкодаў. Прытым у гэтым судовым рашэнні адсутнічала абсалютна ўся інфармацыя пра маю палітычную дзейнасць, пра заяву, што мой пераслед — палітычны. Там не было абсалютна ўсіх важных фактаў. Але самае галоўнае, гэтае судовае рашэнне парушала ўнутраныя сербскія законы, бо судовае слуханне аб экстрадыцыі павінна адбывацца ў абавязковым парадку ў прысутнасці адваката і непасрэдна асобы, якая павінна быць экстрадаваная, каб узяць у яе тлумачэнні.
А тут суд прайшоў у закрытым таемным рэжыме. Пра гэта не ведалі ні мае адвакаты, ні я. Ніхто з нас не быў апавешчаны пра тое, што будзе гэтае судовае слуханне. Зразумела, мы неадкладна падалі скаргу, бо гэта найгрубейшым чынам парушала сербскае заканадаўства. І я чакаў рашэння паводле гэтай скаргі да 19 лютага. Тады адбыўся апеляцыйны суд, які адмяніў рашэнне сербскага суда аб маёй экстрадыцыі.
Затым з 26 сакавіка да 1 красавіка прайшлі два слуханні, дзе я падаў шмат самых розных афіцыйных доказаў таго, што мяне, па-першае, пераследуюць паводле палітычных матываў і, па-другое, крымінальная справа найгрубейшым чынам сфальсіфікаваная. Мяне ў ёй абвінавачваюць на падставе закона, прынятага заднім чыслом.
Мы растлумачылі, што маю справу наогул немагчыма разглядаць, бо з гледзішча закона і права яна не мае сэнсу. І вось я дагэтуль чакаю рашэння Вышэйшага суда Сербіі аб маёй экстрадыцыі, слуханне якога скончыліся першага красавіка. Дагэтуль рашэння няма, і я жыву ў падвешаным стане, паміж небам і зямлёй.
— У якім аб'ёме з боку дэмакратычных сіл і беларускага грамадства вам аказвалася дапамога? Пра што можна казаць?
— Мяне прынялі адразу ж у свае абдымкі, як родныя, Павел Паўлавіч Латушка і Юля Гарачая. Яны неадкладна, літаральна праз тры дні пасля майго арышту ў Сербіі напісалі велізарную колькасць дыпламатычных лістоў з патрабаваннем не экстрадаваць мяне ў Беларусь.
Потым да гэтага падключыўся Офіс Святланы Ціханоўскай, яны зрабілі заяву ў маю падтрымку.
Я ведаю дакладна, што ўсе нашы дэмакратычныя штабы і дэмакратычныя сілы біліся за мяне неймаверным чынам. І за гэта вялікі чалавечы дзякуй, бо гэта выратавала маё жыццё.
І я ведаю, што ў маю падтрымку прайшлі акцыі пратэсту, мітынгі ля сценаў пасольства Сербіі ў Варшаве, Берліне, Лондане і Бялградзе. "Рух" расклейваў афішы і ўлёткі ў маю падтрымку, што было для мяне зусім неймаверным. Бо я нікога з гэтых людзей не ведаў.
Але, на жаль, адной толькі беларускай падтрымкі недастаткова, бо Сербія часта асацыюе Беларусь з Расіяй. І я нават у сваім выступе ў судзе прысвяціў вялікі абзац таму, каб размежаваць дзве краіны і растлумачыць суду, што Беларусь — гэта не Расія, гэта асобная краіна. І я вымушаны быў гаварыць у судзе на рускай мове проста таму, што не мог гаварыць на беларускай: не было перакладчыка.
— Раптоўны арышт на сем месяцаў — гэта вялікі тэрмін. Як ваша сям'я спраўлялася з гэтым выпрабаваннем?
— Гэта насамрэч вельмі сумная гісторыя. Я сем месяцаў не размаўляў са сваёй сям'ёй. Я не мог патэлефанаваць ні бацьку, ні маці, ні сястры, бо тэлефанаваць можна толькі на нумары, якія ўзгадняе суддзя. А суддзя спытала мяне, на якія нумары я буду тэлефанаваць, калі я быў у шокавым стане ноччу ў судзе 30 кастрычніка. Я іх успомніў, але мне гэта не дапамагло: званкі з турэмнага тэлефона ў Беларусь з нейкай прычыны не праходзяць. Можа, санкцыі, можа, яшчэ нешта. Я не ведаю, у чым прычына.
— Што вам дапамагала трымацца і не здацца ў турме?
— Кніга шведскага пісьменніка Фрэдрыка Бакмана "Мы супраць вас". І гэта зрабілася практычна маім дэвізам. Нароўні з лозунгам " Жыве Беларусь!”.
— Як камандзе абаронцаў удалося перавесці вас з турэмнай камеры пад хатні арышт? Як атрымалася пераламаць гэтую сітуацыю?
— У мяне на назе GPS-бранзалет, які я не магу здымаць, з якім прымаю душ. Пакідаць памяшканне дазваляецца ўсяго на 1 гадзіну ў суткі.
У мяне ёсць здагадка, чаму мне змякчылі ўмовы ўтрымання — гэта выключна палітычны і медыйны ціск. Бо мы падавалі з адвакатамі скаргі і атрымлівалі з суда аднатыпныя адмовы, слова ў слова.
Было відавочна, што сербскаму суду пляваць на мяне. Сербскі суд нават не спрабаваў зразумець, хто я, што я, чаму я ў турме. Для сербскага суда я быў проста імем і прозвішчам на паперы. І больш за тое, ніхто нават гэтыя паперы не спрабаваў, мабыць, разгортваць і чытаць. А потым сітуацыя рэзка змянілася, і я лічу, што гэта выключна заслуга палітычнага і медыйнага ціску. Без сродкаў масавай інфармацыі, без нашай актыўнасці я не выйшаў бы нават пад хатні арышт. Больш за тое, я мог быць экстрадаваны яшчэ сёмага снежня.
— Чым вы займаецеся цяпер пад арыштам? Як у вас уладкаваны рэжым дня?
— У мяне цяпер наогул ніяк не уладкаваны рэжым дня. Сёння я нават не паспеў папіць кавы і паснедаць. Я прачынаюся вельмі рана, бо ў турме прачынаўся ў 6:50, перад ранішняй зменай. Гэтая турэмная звычка засталася.
Я пакуль не магу наладзіць побыт, бо ён за сем месяцаў турмы цалкам разбурыўся. Я цяпер як дзіця, якое вучыцца хадзіць. Вось навучыўся не ставіць бутэльку з вадой каля ложка, бо ў турме ёсць правіла: груба кажучы, пазначаць сваё месца адпачынку бутэлькай з вадой.
Я нават не адказаў пакуль яшчэ ўсім сваім сябрам, знаёмым і нават некаторым сваякам пра тое, што я на волі, што са мной усё ў парадку. Пастаянна маю зносіны з журналістамі — для мяне гэта ў прыярытэце, бо я сам журналіст і настолькі паважаю нашу прафесію, што пакуль грэбую сваімі асабістымі інтарэсамі. Ну і плюс да ўсяго я лічу важным цяпер, каб пра мой кейс казалі. Не толькі таму, што ён не скончаны, а таму, што на маім месцы сёння можа апынуцца практычна любы беларус.
У нас абавязкова павінен быць створаны нейкі орган, у якога ў такіх выпадках быў бы выразны план дзеянняў. Бо я не першы і, на жаль, не апошні беларус, якога затрымалі праз лінію Інтэрпола паводле палітычных матываў. І выцягваць з турмаў такіх беларусаў, як я, давядзецца яшчэ не раз. Для гэтага ў нас павінен быць план.
У 2020 годзе кожны з нас, выйшаўшы на вуліцу, рабіў усё, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Змагаючыся з дыктатурай, мы паставілі сваё жыццё пад пагрозу. Разумеючы гэта, мы абаранялі ў той момант еўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасці. І сёння гэтыя каштоўнасці павінны паказаць сваю грунтоўнасць. Цяпер яны павінны нас абараніць, бо гэта дарога з двухбаковым рухам.
Калі б я не быў псіхічна і фізічна моцны, я быў бы ўжо забіты дзесьці ў беларускай турме. І для мяне вельмі важна, каб мая гісторыя скончылася шчасліва, а потым мы селі і пагаварылі: што ж нам усё ж рабіць? Бо беларусы за мяжой павінны быць пад абаронай.
— Што ў вас са здароўем: фізічным і псіхалагічным? Ці ёсць у вас праблемы?
— На жаль, праблемы ёсць. У красавіку ў мяне здарыўся частковы параліч левай нагі, і турэмны доктар сказаў, што, імаверна, пашкоджаны нейкі нерв або ёсць пашкоджанне хрыбетніка.
Пры гэтым такіх праблем у мяне не назіралася, такіх траўмаў я ніколі не атрымліваў. Я заўсёды быў здаровым чалавекам. І дагэтуль не прайшоў ніякага медыцынскага абследавання. Больш за тое, я не магу яго прайсці нават цяпер, бо адной гадзіны за межамі кватэры для гэтага недастаткова. Я проста вымушаны цярпець.
Доктар сказаў, што праблема неўралагічная і сур'ёзная. Калі нерв будзе пашкоджаны, то левая частка майго цела будзе паралізаваная назаўжды. Бегаць я не магу, бо падаю — нага мяне не трымае. У мяне з'явіліся болі ў суставах, каленным і тазасцегнавым. Ніякая медыцынская дапамога мне цяпер не аказваецца. Больш за тое, я не ўяўляю, як яе атрымаць.
Што тычыцца псіхалагічнай дапамогі. Я вельмі шмат кажу проста таму, што доўга маўчаў, і гэта мае для мяне вялікую цікавасць. Я не псіхолаг і не псіхіятр, але думаю, што, безумоўна, пэўныя псіхічныя і псіхалагічныя праблемы яшчэ дадуць пра сябе ведаць. Цяпер я мабілізаваны і ўсе сем месяцаў у турме быў мабілізаваны, быў як салдат на вайне. За сем месяцаў я ні разу не заплакаў, ды і цяпер таксама. Мне здаецца, я пакуль развучыўся гэта рабіць. Я дамогся ад сябе фізічна і псіхалагічна максімальнай стрыманасці, пераключыўшыся ў рэжым выжывання. Гэта вельмі важна. Я навучыўся гэтаму ад зняволеных.
Калі я вярнуся ў нармальны стан, то ўбачу і наступствы. Тады, вядома, мне будзе патрэбная і псіхалагічная дапамога.
Акрамя гэтага, за месяц да арышту ў мяне дыягнаставалі клінічную дэпрэсію, і я пачаў лячэнне. Потым трапіў у турму, дзе лячэнне працягнуў. Тэрапія перарывалася пяць разоў. Я думаю, што любы псіхолаг скажа: турма несумяшчальная з дэпрэсіяй. Гэта не найлепшае месца для лячэння. Аднак факт застаецца фактам — я быў пастаўлены ў такія ўмовы і нічога не мог з гэтым зрабіць.
— Якая цяпер у вас і вашай каманды лінія абароны? Што вы плануеце рабіць, каб усё ж дамагчыся законнага вызвалення?
— Лінія абароны цяпер у нас адна-адзіная, бо ўсе астатнія аргументы ўжо пададзеныя ў суд. Гэта падключэнне максімальнай колькасці прадстаўнікоў еўрапейскіх краінаў, палітыкаў, амбасадараў для таго, каб дастукацца ў зачыненыя дзверы сербскіх міністэрстваў. І растлумачыць мясцовым чыноўнікам, што я не злачынец, а зусім іншы чалавек — палітычны актывіст, журналіст і рэжысёр, што мой пераслед носіць выключна палітычны характар.
Таму цяпер, наколькі мне вядома, Павел Латушка разам са сваімі польскімі калегамі аказвае майму кейсу максімальную падтрымку. Я падазраю, што цяпер вядуцца перамовы з прадстаўнікамі сербскага боку пра тое, каб абысціся са мной гуманна і не экстрадаваць, бо экстрадыцыя для мяне будзе азначаць смерць. Гэта нават не абмяркоўваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.