Памёр знакаміты перабежчык, адзін з самых вядомых шпіёнаў ХХ стагоддзя

Алег Гардзіеўскі

Алег Гардзіеўскі / spyscape.com

У Вялікабрытаніі на 87-м годзе жыцця памёр знакаміты перабежчык, адзін з самых вядомых шпіёнаў ХХ стагоддзя Алег Гардзіеўскі. Ён працаваў на КДБ СССР і на брытанскую выведку, нагадвае "Бі-Бі-Сі".

У 1960-80-х гадах Гардзіеўскі працаваў у Першым галоўным упраўленні (знешняя выведка) КДБ СССР. Брытанскім агентам ён стаў пасля таго, як быў пасланы ў якасці рэзідэнта ў Вялікабрытанію. У 1974 годзе Алега Гардзіеўскага завербавала МІ-6. Гэта супрацоўніцтва працягвалася 11 гадоў, пакуль у Маскве не западозрылі нядобрае, і рэзідэнт у 1985-м быў адкліканы назад у СССР. Аднак у тым жа годзе брытанцы здолелі вывезці палкоўніка Гардзіеўскага назад у Вялікабрытанію, дзе ён працягваў працаваць кансультантам для заходніх спецслужбаў. Яшчэ ішла "халодная вайна". На Захадзе лічыцца, што менавіта ён дапамог змяніць яе ход, калі патлумачыў заходнім структурам, што насамрэч думаюць у СССР, і як лепш мець зносіны з савецкім рэжымам.

У СССР палкоўнік Алег Гардзіеўскі быў завочна прысуджаны да расстрэлу. У сучаснай Расіі яго аб'явілі здраднікам за перадачу брытанцам вялікага аб'ёму сакрэтнай інфармацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.