Яцанюк звольнены, прэм'ерам Украіны прызначаны Гройсман
Вярхоўная Рада Украіны ў чацвер, 14 красавіка, звольніла прэм'ер-міністра Арсеня Яцанюка. Прэм'ерам прызначаны Уладзімір Гройсман, спікер парламента, кандыдатуру якога прапанаваў прэзідэнт Пётр Парашэнка. За гэтае рашэнне прагаласавалі 257 дэпутатаў украінскага парламента з 390 прысутных (трэба было набраць не менш за 226 галасоў).
Пра свой сыход у адстаўку Яцанюк заявіў 10 красавіка. Аднак некалькі дзён працягваліся кансультацыі ўдзельнікаў кааліцыі, якія змаглі амаль цалкам узгадніць склад новага ўраду.
Уладзіміру Гройсману 38 гадоў. Ён — самы малады ўкраінскі прэм'ер-міністр. Гройсман — ураджэнец Вінніцы. Займаўся бізнесам, пасля стаў самым маладым дэпутатам Вінніцкага гарсавета. У 2006-2014 гадах быў кіраўніком Вінніцы, пасля працаваў ва ўрадзе (віцэ-прэм'ерам, міністрам). Пасаду спікера Вярхоўнай Рады Украіны займаў з лістапада 2014 года.